У дакладзе Дзярждэпа ЗША згадваюцца забойствы і катаванні ў Беларусі

У дакладзе Дзярждэпа ЗША згадваюцца забойствы і катаванні ў Беларусі

30 сакавіка Дзярждэп ЗША апублікаваў даклад аб выкананні правоў чалавека ў свеце ў 2020 годзе. У ім згадваецца і сітуацыя ў Беларусі. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен згадвае ў прадмове Беларусь, Ганконг, Венесуэлу і Нігерыю, дзе людзі, "нягледзячы на патэнцыйную небяспеку для іх здароўя або пагрозы арышту... збіраліся на вуліцах... заклікалі ўрад абараніць іх правы чалавека і асноўныя свабоды, гарантаваць свабодныя і справядлівыя выбары".

У дакладзе адзначаецца, што "Беларусь — аўтарытарная дзяржава", у якой уся ўлада сканцэнтравана ў руках Аляксандра Лукашэнкі, і няма магчымасці для правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

"Лукашэнка захаваў эфектыўны кантроль над сілавікамі, пішуць аўтары даклада. — Супрацоўнікі сіл бяспекі здзяйснялі шматлікія злоўжыванні".

Шмат увагі ў дакладзе надаецца масавым пратэстам у Беларусі: "Краіна перажыла масавыя грамадзянскія хваляванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, калі дэманстранты пратэставалі супраць шырока распаўсюджанай фальсіфікацыі вынікаў галасавання... супраць шырокага прымянення ўрадам грубай сілы супраць мірных дэманстрантаў і іх затрыманняў".

Падкрэсліваецца, што "штотыднёвыя пратэсты", якія збіралі сотні тысяч чалавек, "пачаліся ў ноч выбараў і працягваліся да канца года".

Аўтары дакладу згадваюць выпадкі "адвольных забойстваў" (згадваюцца Аляксандр Тарайкоўскі, Раман Бандарэнка), "катаванні ў месцах утрымання пад вартай", адвольныя арышты і затрыманні, пераслед журналістаў, блакаванне інтэрнэту, "адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё", "сур'ёзныя праблемы з незалежнасцю судовай улады".

Дзярждэп ЗША адзначае, што ўлады Беларусі "на ўсіх узроўнях, як правіла, дзейнічалі беспакарана і заўсёды не прымалі мер па судовым пераследзе або пакаранні службовых асоб урада або сіл бяспекі, якія ўчынілі парушэнні правоў чалавека".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі