У “ДНР” патрабуюць, каб на Данбас вярнулі вывезеных ва Украіну дзяцей
Гаворка пра 85 дзяцей-сірот.
Прадстаўнікі самаабвешчанай “ДНР” на чарговых перамовах у Мінску падымуць пытанне пра вяртанне дзяцей, вывезеных год таму з акупаванай тэрыторыі ва Украіну. Пра гэта паведамляе Gazeta.ru са спасылкай на Данецкае агенцтва навінаў.
Дарадца кіраўніка “ДНР” па правах дзіцяці Яна Чэпікава паведаміла, што адпаведныя матэрыялы былі падрыхтаваныя і накіраваныя на разгляд кантактнай групы па гуманітарных пытаннях. Дзіцячы амбудсмен падкрэсліла, што гаворка ідзе пра 85 дзяцей-сірот. Па яе словах, на тэрыторыі Украіны цяпер знаходзяцца болей за 400 дзяцей з акупаваных раёнаў Данецкай вобласці.
Чарговае паседжанне кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны, а таксама яе тэматычных падгруп адбудзецца ў Мінску 21 ліпеня.
Фота: REUTERS