У аварыі з удзелам маршруткі на слуцкай трасе пацярпелі 11 чалавек, ёсць ахвяра
Следчыя аглядаюць месца ДТЗ /@skgovby
Адзінаццаць чалавек — два кіроўцы і дзевяць пасажыраў маршрутнага таксі — пацярпелі ў ДТЗ на слуцкай трасе, паведамляе Следчы камітэт. Аварыя адбылася напярэдадні вечарам каля вёскі Басманаўка Уздзенскага раёна.
Загінула дзяўчына. Сёння ёй споўнілася б 25 гадоў.
Паводле папярэдніх дадзеных, 27-гадовы вадзіцель Opel Vivaro, які рухаўся ў бок Слуцка, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Там ён сутыкнуўся маршрутным таксі Peugeot, што рухалася насустрач.
Абодва кіроўцы, а таксама дзевяць пасажыраў маршруткі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, усе яны шпіталізаваныя.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК РБ ("парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека").
Напярэдадні з прычыны галалёду сіноптыкі аб'яўлялі аранжавы ўзровень небяспекі. Складаныя ўмовы надвор'я захоўваліся да раніцы панядзелка. На дарогах па-ранейшаму моцны галалёд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.