У дваіх затрыманых на “Крытычнай масе” раварыстаў прайшлі ператрусы
У дваіх затрыманых 29 красавіка на “Крытычнай масе” раварыстаў прайшлі ператрусы. Пра гэта паведамляе сайт spring96.org са спасылкай на дзяўчыну аднаго з затрыманых удзельнікаў акцыі.
Станіслава Канавалава 30 красавіка прывялі дамоў у кайданках супрацоўнікі міліцыі. Пры суседзях, якія былі ў якасці панятых, правялі вобшук: шукалі флэшкі і іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку забралі жорсткі дыск з кампутара, пасля чаго з’ехалі разам з затрыманым.
Аналагічная сітуацыя адбылася і ў другога затрыманага — Дзмітрыя Паліенкі.
У суботу раніцай ў афіцыйным твітары ГУУС з’явілася наступная інфармацыя: “Хутка будзе на сайце ГУУС. Трэба відэа апрацаваць, тэкст ўзгадніць. Але там усё няпроста, аж да крымінальных спраў”
Аднак адпаведная інфармацыя на сайце ГУУС дагэтуль не з'явілася.
Па неафіцыйнай інфармацыі ў дачыненні да хлопцаў распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — "Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, або звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або спалучанае з нанясеннем менш цяжкага цялеснага пашкоджання". Цяпер хлопцам паграджае да шасці гадоў зняволення.
29 красавіка ў Мінску былі затрыманыя 6 раварыстаў. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што велакалона парушала правілы дарожнага руху і не выконвала патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ, а некаторыя нават супраціўляліся. У выніку, сцвярджала міліцыя, адзін раварыст нават учыніў бойку з супрацоўнікам ДАІ і парваў яго куртку.