У Дзяржпамежслужбе Украіны не ацанілі беларускі "крэатыў" пра гарэлку і боршч
Беларуска-ўкраінская мяжа / БЕЛТА
Спробы беларускіх памежнікаў уздзейнічаць на ўкраінскіх калегаў з дапамогай прапагандысцкіх ролікаў пра баршчы, сала і гарэлку нічога, акрамя смеху, не выклікаюць. Пра гэта заявіў спікер Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка. Яго словы прыводзіць Reform.by.
Дземчанка адзначыў, што "крэатывіць" беларускія памежнікі пачалі пасля змены кіраўніцтва ДПК. У канцы мая Аляксандр Лукашэнка прызначыў новым кіраўніком памежнага ведамства Беларусі выпускніка Памежакадэміі ФСБ Расіі Канстанціна Моластава. "Мы бачым, што ў гэтага чалавека прасочваецца такі след ФСБ, навучання ў памежнай акадэміі ФСБ Расіі. Напэўна, ён такім чынам хоча прадэманстраваць свае ўменні ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічныя спецыяльныя аперацыі — рэд.). Але акрамя смеху, акрамя разумення, што гэта недалёкія спробы ўплываць неяк на Украіну, больш нічога не выклікае", — сказаў Дземчанка. Ён таксама нагадаў, што ўкраінскія памежнікі запісалі ў адказ свае звароты.
"Спадзяемся, што яны нас пачулі і не будуць далей нагнятаць сітуацыю, таму што гэта ім нічога не дасць", — адзначыў прадстаўнік памежнай службы Украіны. Так, 19 чэрвеня ўкраінскі бок уключыў на мяжы з Беларуссю зварот байцоў палка Каліноўскага да беларускіх сілавікоў. Байцы палка заклікалі беларускіх сілавікоў не выконваць злачынныя загады, а калі ім загадаюць перайсці мяжу Украіны, кідаць зброю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.