У ЕС абверглі словы Лукашэнкі, што нядаўна ў лісце назвалі яго "прэзідэнтам"
У ЕС абверглі словы Аляксандра Лукашэнкі, што нядаўна ў лісце назвалі яго "прэзідэнтам". Яны прагучалі ў жывой трансляцыі ў чатырохгадзіннай прамове на Усебеларускім народным сходзе.
"Нядаўна я атрымаў, міністр замежных спраў [Уладзімір Макей] мне перадаў ліст ад некаторых заходніх дзеячаў, СААЗ, Унтэр дэн Ляйдэн ці як яе там..., — гаварыў Лукашэнка. — Мяне здзівіла — "прэзідэнту Рэспублікі Беларусь яго правасхадзіцельству А. Р. Лукашэнку". Слухайце, пішуць адно, а на Захадзе вітаюць і кажуць пра іншае, вітаюць іншых прэзідэнтаў!.. Я так чытаю і думаю: "А дзе ж праўда?". Ну хоць бы напісалі "экс-прэзідэнту", "былому", ці ўвогуле беларускаму народу адрасавалі. Але тым не менш я ўдзячны, што яны разумеюць, хто ў доме гаспадар!".
У тэксце выступу Аляксандра Лукашэнкі, змешчаным на яго сайце, словы "Унтэр дэн Ляйдэн ці як яе там" адсутнічаюць, але яны ёсць на відэа. Ён, відаць, меў на ўвазе старшыню Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен.
Афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Пэтэр Стана сказаў dw.com, што апошні ліст Лукашэнку ад старшыні Еўракамісіі і старшыні Еўрасавета быў накіраваны не "нядаўна", а 9 чэрвеня 2020-га і тычыўся пераносу саміту Усходняга партнёрства ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.
"Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, ЕС лічыць, што спадару Лукашэнку не хапае дэмакратычнай легітымнасці", — заявіў прадстаўнік ЕС. Ад таго часу лістоў яму не накіроўвалі.
У адказ тэлеграм-канал @pul_1 апублікаваў нейкі ліст, які нібыта павінен сведчыць, што Лукашэнка сапраўды нешта атрымаў нядаўна з Захаду. Быў змешчаны і адказ міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, але яго чамусьці неўзабаве выдалілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.