У Еўрапарламенце абмяркуюць будучыню стасункаў з Беларуссю
Сёння ў Еўрапарламенце адбудзецца дыскусія пра адносіны Еўрасаюза і Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Арганізатар мерапрыемства — Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Дыскусію распачне кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Богдан Здраеўскі. Таксама заяўленыя выступы прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дырка Шубеля, дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, дырэктара Беларускага дома правоў чалавека імя Звозскава Ганны Герасімовіч і члена Грамадскага Балонскага камітэта Уладзіміра Дунаева.
Падчас дыскусіі будзе абмяркоўвацца лёс еўрапейскіх санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі. Таксама будзе абмяркоўвацца пытанне, ці будзе вымушаны Еўрасаюз у новай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне пайсці на паляпшэнне адносін з Беларуссю, нягледзячы на няспынныя парушэнні правоў чалавека.
Нагадаем, што ў панядзелак, 12 кастрычніка, Еўрасаюз выказаў гатовасць прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў з “чорнага спісу”, але пры гэтым гаворка ішла пра захаванне збройнага эмбарга. Канчатковае рашэнне на гэты конт прымуць да канца кастрычніка.
Фота: belrynok.by