У Еўрапарламенце адрэагавалі на затрыманні ў Беларусі і нагадалі пра санкцыі

У Еўрапарламенце адрэагавалі на затрыманні ў Беларусі і нагадалі пра санкцыі

У Еўрапарламенце адрэагавалі на затрыманні ў Беларусі, якія адбываюцца падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Сярод тых, хто трапіў за краты, — відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. З заявай выступілі пастаянны дакладчык па Беларусі Петрас Аўштравічус і старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з нашай краінай Роберт Бедрань. У ёй — патрабаванне неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць рэпрэсіі. "Мы глыбока занепакоеныя тым, што беларускія ўлады не паляпшаюць умовы выбараў і ярка дэманструюць адсутнасць намераў стварыць па-сапраўднаму роўныя ўмовы для кандыдатаў", — пішуць яны.

Прадстаўнікі Еўрапарламента нагадваюць, што яшчэ тыдзень таму выказвалася заклапочанасць пераследам "мірных пратэстоўцаў і грамадзянскіх актывістаў". І за гэты час сітуацыя толькі істотна пагоршылася.

"Мы асуджаем гэтыя правакацыі, паколькі яны ўяўляюць сабой чарговую атаку на фундаментальныя свабоды", — пішуць Аўштравічус і Бедрань. Яны мяркуюць, што з боку ўладаў Беларусі робяцца спробы "перашкодзіць кандыдатам сабраць патрэбную для вылучэння колькасць подпісаў".

Прадстаўнікі Еўрапарламента папярэджваюць, што калі адвольныя арышты працягнуцца, як і абмежаванні палітычных правоў беларусаў, яны будуць дамагацца "перагляду палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні Беларусі, уключна з увядзеннем санкцый супраць службовых асоб, адказных за гэтыя дзеянні".

Таксама заклікаў вызваліць затрыманых Петэр Стана, прэс-сакратар кіраўніка знешняй палітыкі ЕС Жазэпа Барэля. Сваю заклапочанасць апошнімі падзеямі ў Беларусі выказала і Парламенцкая асамбля АБСЕ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі