Брусель заклікае вызваліць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча

Брусель заклікае вызваліць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча

Брусель заклікае вызваліць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых актывістаў, якія трапілі за краты апошнім часам. "Апошнія падзеі ў Беларусі ўзнялі сур’ёзныя пытанні адносна павагі ўладамі правоў чалавека і асноўных свабодаў сваіх грамадзянаў", кажа ў інтэрв'ю Радыё Свабода Петэр Стана, прэс-сакратар кіраўніка знешняй палітыкі ЕС Жазэпа Барэля.

Ціханоўскі і яшчэ сем чалавек знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна, куды іх прывезлі з Гродна, дзе яны былі затрыманы 29 траўня пасля правакацыі. А Вяргілій Ушак пераведзены ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Як вядома, распачата крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Мікалая Статкевіча прэвентыўна затрымалі 31 траўня і асудзілі на 15 сутак арышту.

Еўрапейскія палітыкі мяркуюць, што затрыманыя ў Беларусі "павінны быць неадкладна вызваленыя, а крымінальны і адміністрацыйны пераслед супраць іх спынены".

Стана нагадаў, што важна, каб улады нашай краіны  напярэдадні правядзення выбараў забяспечылі свабоду сходаў і слова для ўсіх грамадзянаў.

Офіс кіраўніка знешняй палітыкі ЕС нагадвае, што "Еўрапейскі Саюз імкнецца да стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі і яе народа" і будзе "працягваць працу з усімі зацікаўленымі бакамі, цвёрда прытрымліваючыся гэтай мэты".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі