У Еўрапарламенце стварылі групу падтрымкі беларускіх палітвязняў
Яны будуць сачыць за лёсам палітвязняў і дзейнічаць у іх падтрымку.
У Еўрапарламенце стварылі нефармальную групу апекуноў беларускіх палітвязняў. У яе ўвайшлі шэсць еўрадэпутатаў, паведамляе БелаПАН.
Як кажа Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, кожнаму з беларускіх палітвязняў знайшоўся свой апякун сярод еўрапарламентароў. Дэпутаты Еўрапарламента будуць сачыць за лёсамі беларускіх палітвязняў, дзейнічаць у іх абарону і падтрымку.
Адамовіч нагадала, што ў папярэднім складзе Еўрапарламента была падобная група, дзе найбольшую актыўнасць выказалі дэпутаты Марэк Мігальскі і Мары-Луізе Бек.
Новая група ўзнікла з ініцыятывы праваабарончай арганізацыі Freedom House і еўрадэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса. У сустрэчы з еўрадэпутатамі 12 траўня прынялі ўдзел сваякі Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі.
Першым крокам еўрадэпутатаў стала сімвалічная акцыя салідарнасці — адпраўка паштовак у падтрымку палітвязням.
Фота — austrevicius.lt