У еўрапейскай краіны-пародыі Табарніі з’явіўся прэзідэнт
У еўрапейскай краіны-пародыі Табарніі, прыдуманага раёна Каталоніі, з’явіўся прэзідэнт. Гэта — папулярны тэатральны акцёр Альберт Боадэлья. Ён нават прынёс прысягу па відэасувязі з “высылкі” ў Мадрыдзе. Гэта намёк на былога лідара Каталоніі Карлеса Пучдэмона, які з мінулага года знаходзіцца ў Бельгіі, паколькі на радзіме яго чакае пераслед з боку іспанскіх уладаў.
Табарнія — прыдуманы раён Каталоніі, які быў створаны ў інтэрнэце прыхільнікамі адзінства Іспаніі як пародыя на рух за незалежнасць Каталоніі. Жыхары гэтай “краіны” патрабуюць, каб яна аддзялілася ад Каталоніі і засталася ў складзе Іспаніі. У інтэрнэце з’явіўся сайт Табарніі, яна прадстаўлена і ў сацсетках. Цікава, што прыдумалі краіну-пародыю яшчэ ў 2012 годзе, але яна стала папулярная толькі цяпер, на фоне крызісу ў Каталоніі, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Летась і ў Беларусі была папулярная прыдуманая беларускімі вайскоўцамі краіна Вейшнорыя. Гэта з ёй яны збіраліся “ваяваць” на вучэннях “Захад-2017”. Неўзабаве ў Вейшнорыі з’явіўся герб, сцяг, сталіца, акаўнт у Twitter.