Папа Рымскі непакоіцца беспрацоўем у ЕС
А Ангела Меркель раіць моладзі дзейнічаць — з’язжаць і шукаць працу за мяжой.
17 чэрвеня Еўрапейская камісія запусціла план па павышэнні эфектыўнасці нацыянальных службаў занятасці. Цяпер яны будуць працаваць супольна і дзяліцца паміж сабой досведам.
Асабліва востра ў ЕС стаіць пытанне беспрацоўя сярод моладзі. Нядаўна з гэтай нагоды выказалася і канцлер Германіі Ангела Меркель, параіўшы маладым людзям шукаць працу за мяжой.
Ангела Меркель: “Зразумела, гэта несправядліва, калі моладзь расплачваецца за тое, чаго яна не рабіла. Але іншага выйсця няма”.
Тым часам еўрадэпутат Марцін Каланан, які з’яўляецца прадстаўніком фракцыі Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, сцвярджае, што зменшыць беспрацоўе сярод моладзі можа адкрыццё рынкаў. І крытыкуе “сацыяльныя гарантыі”, пра якія гавораць сацыялісты.
Марцін Каланан: “Абяцаць працу для кожнага маладога чалавека ў Еўропе — безадказна. Але мы можам сказаць, што мы будзем мяняць заканадаўства, якое перашкаджае працы, вядзе да росту коштаў энерганосьбітаў і завязвае прадпрымальнікаў, цягнучы прадпрыемствы ў бюракратыю”.
Згодна са статыстыкай Міжнароднай арганізацыі працы, узровень беспрацоўя ў ЕС складае каля 11% (каля 26 мільёнаў беспрацоўных). Пры гэтым, калі браць маладых людзей да 25 гадоў, то з іх не працуе амаль кожны чацвёрты (23,5%). Але беспрацоўе сярод моладзі не з’яўляецца праблемай, лічыць дырэктар Цэнтра еўрапейскіх палітычных даследаванняў Даніэль Грос. І тлумачыць, чаму палітыкі не мусяць траціць абмежаваны час і дзяржфінансаванне на працаўладкаванне менавіта маладых беспрацоўных, а не беспрацоўных увогуле.
Даніэль Грос: “Дадзеныя па беспрацоўі сярод моладзі звычайна адносяцца да людзей ва ўзросце 15-24 гадоў. Але 15-19-гадовыя падлеткі звычайна мусяць быць у школе. Дадзеныя ж па беспрацоўі базуюцца на колькасці працаздольных удзельнікаў рынку працы, у якім моладзь складае каля 10%”.
Іншы эксперт, старэйшы еўрапейскі эканаміст банка Societe Generale Анатоль Анянкоў, мае больш радыкальныя прагнозы. На яго думку, краіны, якія больш за ўсё пацярпелі ад крызісу, рызыкуюць атрымаць “згубленае пакаленне”, якое ніколі не знойдзе працы. У сваю чаргу французскі прэзідэнт Франсуа Аланд кажа, што “грамадзяне паварочваюцца спінай да Еўропы і да будавання еўрапейскага праекта”.
Цікава, што гэтая праблема турбуе не толькі палітыкаў і саміх беспрацоўных, але і Папу Рымскага. Як паведамляе Rome reports, 17 чэрвеня Папа Францішак абмеркаваў з прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу неабходнасць еўрапейскай інтэграцыі, пагрозы эканамічнага крызісу, а таксама моладзевае беспрацоўе.
Фота: dailymail.co.uk