У Францыі мяркуюць, што ў Расіі ці Казахстане адбылася ўцечка радыяцыі
У Францыі мяркуюць, што ў Расіі ці Казахстане на адным з ядзерных аб’ектаў у канцы верасня адбылася ўцечка радыяцыі. Пра гэта сведчыць радыеактыўнае воблака, якое ў апошнія тыдні з’явілася над Еўропай. Пра гэта ў пятніцу паведамляе агенцтва Reuters, якое спасылаецца на Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Францыі. Мяркуецца, што здарэнне магло адбыцца на аб’екце па перапрацоўцы ядзернага паліва ці ў цэнтры, які займаецца ядзернай медыцынай. А вось верагоднасць аварыі на атамным рэактары выключаецца.
Французскія спецыялісты не могуць дакладна вызначыць месца, дзе адбылася ўцечка радыеактыўнага рэчыва. Аднак пасля аналізу ўмоў надвор’я мяркуюць, што найхутчэй аб’ект знаходзіцца на поўдзень ад Уральскіх гор. Аднак раней ні Расія, ні Казахстан пра падобныя здарэнні не паведамлялі.
Дырэктар Інстытута ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Францыі Жан-Марк Перэс кажа, што расійскія ўлады адмаўляюць магчымасць такой аварыі на іх тэрыторыі. З уладамі Казахстана французы пакуль не звязваліся.
Спецыялісты кажуць, што аварыя была сур’ёзнай. Калі б такое адбылося ў Францыі, давялося б эвакуяваць людзей у радыусе некалькіх кіламетраў. У большасці краін Еўропы ў пачатку кастрычніка ў атмасферы былі зафіксаваныя высокія ўзроўні радыеактыўнага ізатопу рутэній-106, якія паступова зніжаліся. Аднак яго канцэнтрацыя не пагражала здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю. Падзенне спадарожніка, які працуе на гэтым ізатопе, у азначаны перыяд не фіксавалася.
Варта адзначыць, што яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка расійскія СМІ згадвалі “чуткі” пра выкід радыеактыўнага ізатопа рутэній-106 у Расіі. Сцвярджалася, што насамрэч у Еўропе мог адбыцца інцыдэнт, звязаны з медыцынскім выкарыстаннем гэтага ізатопа. Больш падрабязна гл. тут.