“У гэтым доме была адна заяўка на рамонт балкона, і не на той, што абрынуўся”
У суботу вечарам у мінскім доме на Талбухіна, 5 з трэцяга паверха абваліўся балкон. На шчасце, знізу нікога не было, і нікога не зачапіла куском старога бетону.
У панядзелак у двары дома на Талбухіна, 5 ціха. Рэшткі балкона прыбраныя, агароджа зрэзаная. Ніжні балкон, на які абрынулася падлога, таксама зрэзаны, на ўсялякі выпадак. Рэдкія людзі, якія праходзяць міма, з асцярогай пазіраюць на балконы, імкнуцца трымацца ад іх далей.
Цяпер на кожных дзвярах дома №5 вісяць паведамленні, што 24 ліпеня ў 17:00 пачнецца абследаванне балконаў. Мясцовая жыхарка абмяркоўвае з суседам здарэнне з балконам:
“Сёння раніцай ішла з паліклінікі, да мяне падышлі нейкія маладыя хлопцы і пытаюцца, ці апячатаны ў мяне балкон, а я кажу, што не апячатаны. Дзіўна, кажуць, нам сказалі што ва ўсіх павінны быць апячатаныя”.
Размова плаўна пераходзіць на тэму капітальнага рамонту, які адбыўся ў доме ў 2009 годзе: “Калі быў капрамонт, то нічога з балконамі не рабілі. Так, замазалі нешта, і ўсё. Дзесьці куты падмацавалі, вось і ўвесь рамонт. А той балкон, там расколіна была, вось ён і ляснуўся. Мы пасля капітальнага рамонту пісалі скаргі ў ЖКГ наконт балконаў. Абяцалі, што ў верасні будуць рамантаваць, гэты, відаць, не дацярпеў”.
Калі быў зроблены капітальны рамонт і хто адказны за дом дазнацца немагчыма. На суседнім доме ёсць шыльдачка, дзе ўсё распісана як мае быць.
Каля дзвярэй аднаго з падʼездаў выпадкова трапляецца прадстаўнік падраднай арганізацыі, якая ў хуткім часе зоймецца рамонтам балконаў у гэтым раёне:
"Нас наняў ЖРЭА, бо зʼявілася заяўка на рамонт балконаў у гэтым раёне. Вось я і прыйшоў яго агледзець. У гэтым доме была ўсяго адна заяўка на рамонт балкона, і не на той, што абрынуўся".
У ЖЭС №71, які адказвае за гэты дом, усе на нарадзе. Будынак ЖКГ і ЖРЭА Першамайскага раёна сёння ў стане аблогі. Мяне вядуць па старым калідоры, па сцёртай плітцы на другі паверх.
"Цяпер праектная арганізацыя правядзе праверку і выдасць заключэнне, у сувязі з чым адбылося абвальванне, ― распавядае вядучы інжынер ЖГК Першамайскана раёна, Ірына Крэмень. ― На падставе гэтага ўжо будзе вырашацца, як у далейшым будзе аднаўляцца балкон, а таксама на прадмет якіх дэфектаў будуць праведзеныя праверкі астатніх балконаў".
Чаму падчас капітальнага рамонту не былі адрамантаваныя балконы, тут ніхто не ведае.