У Глуску 15-гадовую школьніцу адправілі ў спецвучылішча за "абразу" міліцыянера
Глускія школьнікі
У Глуску 15-гадовую школьніцу адправілі на два гады ў спецвучылішча за "абразу" міліцыянера. Заяву ў суд падала раённая камісія па справах непаўналетніх, якая палічыла, што дзесяцікласніца "мае патрэбу ў асаблівых умовах выхавання". Яе разглядаў суд Глускага раёна. У ім адзначылі, што сітуацыю са школьніцай згаданая камісія разглядала неаднаразова "у сувязі з пропускамі вучэбных заняткаў без паважных прычын", і яе папярэджвалі "аб недапушчальнасці падобных паводзін", піша тг-канал MAYDAY.TEAM.
Падставай для крымінальнай справы стаў відэаролік, які ў лютым 2024-га нібыта стварыла дзяўчынка і змясціла ў інтэрнэце. Было вызначана, што ён "абразлівага характару", і школьніца "здзейсніла наўмысную абразу прадстаўніка ўлады ў асобе супрацоўніка органаў унутраных спраў". А яшчэ ёй прыпісалі адміністрацыйнае правапарушэнне — "абразу" дырэктара адной з устаноў Глуска з "асабістай непрыязнасці".
У судзе супраць абвінавачванняў выступіла і сама дзяўчынка, і яе бацькі. Аднак суд прыйшоў да высновы, што "метады прафілактычнага ўздзеяння вынікаў не даюць" і "карэкцыя яе паводзін не можа быць ажыццёўлена па месцы жыхарства".
Суд Магілёўскай вобласці, у якім прысуд спрабавалі абскардзіць, пакінуў яго ў сіле.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.