У Гомелі асудзілі мужчыну, які на грузавіку збіў жонку і сына

У Гомелі асудзілі мужчыну, які на грузавіку збіў жонку і сына

У Гомелі суд Навабеліцкага раёна вынес прысуд мясцоваму жыхару, які на грузавіку ў двары дома збіў жонку і сына. Падрабязнасці судовага працэсу агенцтву БЕЛТА паведаміла вядучы спецыяліст Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.

29-гадовага гамельчука прызналі вінаватым у наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання, наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека і іншыя цяжкія наступствы, а таксама ў гвалце ў дачыненні да асобы, якая выконвае грамадскі абавязак па спыненні правапарушэнняў.

Мужчына асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Таксама яму прызначылі прымусовыя меры бяспекі і лячэння па месцы адбыцця пакарання. Акрамя таго, гамельчук абавязаны выплаціць штраф — 1470 рублёў (60 базавых велічыняў). Таксама мужчына павінен выплаціць сваёй маці, якую прызналі пацярпелай, 314 рублёў на пакрыццё шкоды.

На судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Прысуд яшчэ не набыў законную моц, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў законным парадку.

Трагедыя адбылася 30 ліпеня 2017 года. Нецвярозы мужчына пасварыўся з жонкай. Пагражаючы разбурыць дом, ён сеў за руль грузавога аўтамабіля "Івека" і заднім ходам пачаў тараніць браму. У гэты момант у двары дома былі яго жонка і сын. Пад націскам аўтамабіля брама павалілася, металічная бэлька забіла чатырохгадовага хлопчыка. 35-гадовая жонка атрымала цяжкія траўмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі