У Гомелі каля ўнівермага збіраюць подпісы за Лукашэнку і Лябедзьку (фота)
Супрацоўнікі крамы папрасілі прыхільнікаў Лябедзькі спярша сысці, а потым перасунуцца на дзесяць метраў убок, каб не перашкаджаць пакупнікам.
23 ліпеня пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. У першы дзень кампаніі ў Гомелі разгарнулі пікеты зборшчыкі подпісаў за старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і за кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку.
З 11-й на ганку ўнівермага “Гомель” пачалі працаваць сябры АГП. Цягам першай гадзіны працы да іх падышлі ахоўнікі крамы і папрасілі сысці. Пасля доказаў, што пікет тут ладзіцца на законных падставах, супрацоўнікі ўнівермага сказалі зборшчыкам перасунуцца на дзесяць метраў убок. Па іх словах, пікет нібыта перашкаджаў рухацца плыні пакупнікоў.
Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў адзначае, што ў першую гадзіну зборшчыкі з агрэсіяй не сутыкаліся, людзі рэагуюць добра:
Палякоў: “Выйшлі прадстаўнікі ўнівермага. Спачатку казалі, каб мы сышлі адсюль. А потым дамовіліся, што мы пасунем наш пікет на дзесяць метраў. Усё было вырашана. Подпісы паставілі ўжо некалькі людзей, хоць гэта першы дзень, першая гадзіна. Звычайна людзі спачатку назіраюць збоку, а потым, бліжэй да канца тыдня, пачынаюць прыходзіць з пашпартамі, ужо больш жвава адбываецца збор подпісаў”.
Праз гадзіну пасля АГП свой пікет каля ўнівермага разгарнулі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адзін пікет па зборы подпісаў за гэтага кандыдата ў першы дзень можна было пабачыць каля вакзала.