У Гомелі ноччу чулі выбухі — як мяркуецца, збівалі дроны
Беспілотнік Shahed, які ў Расіі перайменавалі ў "Герань", ілюстрацыйнае фота
Жыхары Гомеля мінулай ноччу чулі выбухі. Яны прагрымелі з розніцай у некалькі хвілін у 01:34 і 01:36. Пра гэта паведамляе гомельскі рэсурс "Флагшток". Маніторынгавы рэсурс "Беларускі Гаюн" пісаў ноччу, што каля 01:08 у Гомельскую вобласць зайшлі два расійскія дроны-камікадзэ тыпу Shahed. Яны накіроўваліся з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў напрамку Гомеля. У раёне 01: 30 з аэрадрома Баранавічы быў узняты дзяжурны знішчальнік.
"Флагшток" публікуе відэа падзення абломкаў, а таксама піша, што рэшткі аднаго з расійскіх БПЛА ўпалі ў Навабеліцкім раёне горада. Гэтай ноччу ў гэтым раёне пажарная каманда тушыла невялікае ўзгаранне. Пазней "Беларускі Гаюн" паведаміў, што каля 02:28 у Беларусь зайшоў яшчэ адзін Shahed, а ў 02:20 у Баранавічах быў узняты ў неба другі знішчальнік ВПС РБ — ён паляцеў на паўднёвы ўсход.
Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі беларускія ВПС збіваюць расійскія дроны. У ноч на 29 жніўня падчас расійскай атакі па Украіне адзін з БПЛА чарговым разам заляцеў на тэрыторыю Беларусі і быў збіты. Тады ў Ельскім раёне чулі не менш за 2 выбухі і назіралі яркую ўспышку ў небе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.