У Гомелі "замініравалі" ўпраўленне працы гарвыканкама
Невядомая асоба 21 сакавіка паведаміла пра мініраванне будынка упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
На месца здарэння выязджалі экстранныя службы і следча-аператыўная-група. З будынка эвакуявалі супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Сапёры не выявілі выбуховае прыстасаванне.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы.
Дарэчы, гэта за апошнія два дні другое падобнае паведамленне з Гомельшчыны. 20 сакавіка сілавікі затрымалі вядомага блогера Андрэя Павука і пачалі на яго крымінальную справу. Яго падазраюць у такім самым ілжывым паведамленні пра мініраванне будынка Акцябрскага райвыканкама. Пад вечар Павука выпусцілі з міліцыі.