У Гомелі журналістка прыйшла на суд з пятлёй на шыі (фота)
У Гомелі журналістка-фрылансерка прыйшла ў суд Гомельскага раёна з пятлёй на шыі. Ларысу Шчыракову ў чарговы раз абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Падставай стаў відэасюжэт пра планы ўладаў Гомеля знесці больш за паўсотні прыватных дамоў.
“Душаць праз міліцыю і суды не толькі свабоду слова, але і фінансава саміх незалежных журналістаў, — цытуе словы Шчыраковай Радыё Свабода. — Толькі сёлета мяне аштрафавалі больш як на дзве з паловай тысячы рублёў. Пераследуюць мяне за “Белсат” ужо трэці год запар — адбылося ўжо каля пятнаццаці судоў”.
Суд перанеслі на 9 жніўня, чакаецца выклік яшчэ дзвюх сведак. У пятніцу падтрымаць Ларысу Шчыракову прыйшлі каля трох дзясяткаў чалавек. Некаторыя з іх заляпілі сабе рот скотчам.