У Гродне адкрылі ізалятар для нецвярозых дэбашыраў
Новы ізалятар для п’яных дэбашыраў адкрыўся ў Гродне. Ён разлічаны на 11 чалавек — сюды трапляюць проста аматары выпіць, а таксама тыя, хто ў нецвярозым выглядзе здзейсніў адміністратыўнае правапарушэнне. Гэта дробнае хуліганства, дробны крадзеж, непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, сямейны скандал.
Супрацоўнікі ўстановы кажуць, што напаўняльнасць тут практычна стоадсоткавая. Наведнікі ізалятару атрымліваюць чыстую пасцельную бялізну, маюць шафу для сваіх рэчаў і могуць скарыстацца душам. У ізалятары дзяжурыць лекар, які аказвае дапамогу ў выпадку неабходнасці.
Працуе ізалятар штодня з 15.00 да 8.00, а ў выходныя пачынае прымаць першых “кліентаў” ужо ў 13.00. За адну ноч тут парушальнік абавязаны заплаціць 57,5 рубля, паведамляе прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі.