У Гродне просяць ацаніць дзеянні мігранта, які сек дрэвы ў мясцовым лесе
Мігрант сячэ дрэвы ў лесе пад Гроднам / БЕЛТА
Больш за 800 чалавек падпісалі на дадзены момант зварот у Гродзенскі лясгас і абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету. У звароце — просьба растлумачыць сітуацыю з высечкай дрэў у лесе пад Гроднам.
Аўтараў звароту збянтэжылі фатаграфіі з беларуска-польскай мяжы, якія з'явіліся днямі. На адным са здымкаў мігрант сячэ дрэвы. Месца дзеяння — як мяркуецца, раён пункта пропуску "Брузгі".
"Ёсць усе падставы меркаваць, што названыя дзеянні могуць быць незаконнай высечкай", — адзначаюць аўтары звароту. У сувязі з гэтым падпісанты петыцыі просяць правесці праверку дадзенага факту, патлумачыць, ці выдаваўся ордар на высечку лесу, і, "у выпадку, калі названы ордар не выдаваўся" пачаць у дачыненні да грамадзяніна, які трапіў на фота, адміністрацыйны працэс.
Збор подпісаў пад петыцыяй яшчэ працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.