У Гродне спынілі справу пра гноміка-пікетоўца
Той самы гномік / s13.ru
Раённы суд Гродна спыніў адміністрацыйны працэс па справе пра гноміка-пікетоўца. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што скончыўся тэрмін правапарушэння, паведамляе партал S13.
Падставай для разгляду справы ў судзе стаў званок у міліцыю неабыякавай грамадзянкі і актывісткі руху "Антывандал" Вольгі Бондаравай. Падчас прагулкі яна ўбачыла ў акне адной з кватэр цацачнага гноміка з бел-чырвона-белым сцягам у руцэ. Жанчына выклікала міліцыю.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі пратакол на гаспадара кватэры Юрыя Яраша. Яны палічылі, што пры дапамозе гноміка мужчына правёў адзіночны пікет.
Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло яшчэ ў лютым. Аднак суддзя Валерый Шпак адправіў справу назад у РАУС — на дапрацоўку. Ён адзначыў, што ў пратаколе ёсць недакладнасці і недапрацоўкі, частка ксеракопій не завераная, некаторыя з іх і зусім не чытаюцца.
На сённяшнім пасяджэнні суддзя абвясціў, што тэрмін правапарушэння скончыўся, і закрыў адміністрацыйны працэс. Неабыякавая грамадзянка і сведка Бондарава на працэс гэтым разам не прыйшла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.