У Гродне судзяць чыноўніка, які раскрыў сакрэтны дакумент наконт БелАЭС

У Гродне судзяць чыноўніка, які раскрыў сакрэтны дакумент наконт БелАЭС

Гродзенскі абласны суд пачаў разгляд справы намесніка дырэктара "Гроднаэнерга" па капітальным будаўніцтве Станіслава Скавародцава. Чыноўніка вінавацяць у атрыманні хабару ў буйным памеры, а таксама ў раскрыцці сакрэтных дакументаў, датычных БелАЭС. Па справе праходзяць 27 сведкаў, перадае Радыё "Свабода"

Паводле абвінавачання, чыноўнік атрымаў хабар ад пастаўшчыка электратэхнічнага абсталяваньня. Карупцыю выявілі праз супрацоўнікаў КДБ. У 2014–2017 гадах Скавародцаў, як заяўляе следства, дапамагаў фірме "Белтэхпрамэнерга" перамагаць у тэндарах па пастаўцы абсталявання. Агульная сума хабару склала каля 14 тысяч рублёў. Таксама ён нібыта перадаў копію службовага дакумента асобе, якая не мела права яго бачыць.

Скавародцаву 47 гадоў. У яго ёсць сям'я, паўналетняя дачка. У "Гроднаэнерга" пачаў працаваць у 2001 годзе як начальнік службы электраабсталявання. У 2012 годзе прызначаны намеснікам дырэктара па капітальным будаўніцтве. На гэтай пасадзе ён адказваў за ўпраўленне капітальнага будаўніцтва і ўпраўленне па выдачы магутнасці з АЭС. Меў доступ да сакрэтных матэрыялаў прадпрыемства.

Затрымалі яго супрацоўнікі КДБ падчас аператыўнага эксперыменту, падчас якога чыноўніку перадавалі чарговы хабар. Тады ж ён паказаў Юліі Пашкоўскай, якая давала хабар, сакрэтны дакумент. З верасня 2017 года Скавародцаў знаходзіцца пад вартай.

На судзе экс-чыноўнік прызнаў, што некалькі разоў браў хабар на агульную суму каля 14 тысяч рублёў і паказаў сакрэтны дакумент. Ён заявіў, што не дапамагаў кампаніі "Белтэхпрамэнерга" перамагаць у тэндарах, але раіў зніжаць цэны, бо гэта выгадна самому "Гроднаэнерга". Пры неабходнасці ён таксама ўдакладняў для прадстаўнікоў кампаніі пэўныя тэхнічныя характарыстыкі абсталявання. Ён здзіўлены, што іншыя кампаніі рыхтавалі заяўкі на таргі, не звяртаючыся да яго па гэтыя ўдакладненні. Грошы, па яго словах, яму плацілі за тэхнічныя кансультацыі.

Калі пачаўся разгляд справы па раскрыцці службовай таямніцы, судовае пасяджэнне перавялі ў закрыты рэжым. Да таго, аднак, Скавародцаў паспеў расказаць, што зрабіў для сябе копію дакумента з грыфам "Сакрэтна", каб было прасцей працаваць. Чаму ён паказаў дакумент Пашкоўскай, чыноўнік патлумачыць не змог — спаслаўся на свой цяжкі псіхафізічны стан.

За хабар у буйным памеры Скавародцаву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, за выдаванне службовай таямніцы — тры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі