У Гродне за акцыі прадпрымальнікаў аштрафавалі двух чалавек
У Гродне склалі адміністратыўныя пратаколы на двух удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў. Іх аштрафавалі на 3 мільёны 150 тысяч рублёў кожнага (15 базавых велічыняў), паведамляе tut.by.
У лютым і сакавіку гродзенскія іпэшнікі збіраліся каля будынку гарвыканкаму кожны панядзелак. Яны пратэставалі супраць новых умоваў працы — у прыватнасці, супраць указу №222. Напрыклад, 15 лютага на плошчы Леніна ў Гродне сабралося каля 150 чалавек. Да прысутных нават выйшаў кіраўнік гарвыканкама Мечыслаў Гой. Людзі атачылі чыноўніка і расказвалі яму пра свае праблемы. Прадпрымальнікі прасілі адмены або змены новых правілаў гандлю.
У нейкі момант хтосьці прынёс і разгарнуў транспарант з надпісам: "Мы супраць дыктатуры".
Старшыня гарвыканкама паабяцаў агучыць просьбы мясцовых іпэшнікаў у Мінску і паведаміў, што яму не абыякава, што будзе з прадпрымальнікамі горада.
Менавіта за гэтую акцыю і аштрафавалі двух чалавек. Суды адбыліся 11 красавіка.