У Гродне затрымалі п'янага кіроўцу, юнак трапіўся ўжо трэці раз (відэа)
Утрыманне алкаголя ў яго арганізме ў сем разоў перавышала максімальна дапушчальнае.
У Гродне ўначы на вуліцы Брыкеля супрацоўнікі ДАІ спынілі "Фольксваген". На ім ехаў п'яны малады чалавек. Утрыманне алкаголя ў яго арганізме ў сем разоў перавышала максімальна дапушчальнае.
Паводле слоў затрыманага, увечары ён з сябрам выпіў дзве двухлітровыя бутэлькі піва. Пасля гэтага даў ключы ад машыны суседу і яны разам паехалі катацца па горадзе. Калі той пайшоў дахаты, малады чалавек, нібыта, вырашыў пераставіць машыну. І ў гэты момант яго спынілі ДАІшнікі.
Як адзначае прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, за чатыры гады гродзенец тройчы трапляўся п'яным за рулём. Упершыню яго злавілі ў снежні 2010-га, калі ён яшчэ быў непаўналетнім. Тады малады чалавек на легкавіку наехаў на дарожны знак і перавярнуўся. У верасні 2011-га яго пазбавілі на пяць гадоў права кіравання аўтамабілем. Цяпер жа парушальніка чакае крымінальная адказнасць. "Фольксваген", які належыць бацьку, будзе канфіскаваны.