У Гродне затрымалі службовую асобу мясакамбіната і кіраўніка прадпрыемства
У Гродне затрымалі службовую асобу мясцовага мясакамбіната і кіраўніка прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства. Крымінальную справу распачалі па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 КК).
Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, згаданых асобаў падазраюць у тым, што ў 2013-2016 гадах яны набывалі для патрэбаў мясакамбіната па заведама завышаных коштах таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Для гэтага было спецыяльна створана прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства. Службовыя асобы завалодалі грашовымі сродкамі мясакамбіната ў памеры каля 83 тысяч рублёў.
На маёмасць (у тым ліку нерухомасць і аўтамабілі) узятых пад варту наклалі арышт. На абодвух прадпрыемствах запланавана правядзенне фінансавых праверак, вывучаецца дакументацыя, дапытваюцца кіраўнікі і работнікі.