У гродзенку трапіла бутэлька, выкінутая з акна
Часам у СМІ трапляюцца навіны пра тое, што ад выкінутай з акна бутэлькі пацярпеў аўтамабіль. Аднак на гэты раз ахвярай "кідальніка" стала жанчына.
Здарэнне адбылося ў Гродне ў жніўні, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама. Каля 11-й гадзіны вечара жанчына ішла каля дома 28 па вуліцы Курчатава. Раптам яна адчула рэзкі боль у руцэ. А праз долі секунды гродзенка пачула звон бутэлькі, якая разбілася каля яе.
На шчасце, аскепкі не прычынілі жанчыне пашкоджанняў. А вось рука яе турбавала, пагатоў пацярпелая працуе касіркай у краме.
Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за хуліганства і высвятляюць асобу"кідальніка".