У Гродзенскім раёне падчас адзначэння дня нараджэння згарэў хутар (фота)
У Гродзенскім раёне каля вёскі Залесяны згарэў хутар, на якім шмат гадоў ужо ніхто не жыў. Здарэнне адбылося ўначы 26 кастрычніка. Як інфармуе прэс-служба МНС Гродзенскай вобласці, 43-гадовы мужчына і 49-гадовая жанчына вырашылі перазімаваць на хутары. У тую ноч яны адзначалі дзень нараджэння. Увечары жанчына курыла на кухні, попельніца стаяла на канапе. Праз нейкі час кухня загарэлася.
Мужчына і жанчына выйшлі з будынка. У іх не было тэлефона, каб выклікаць ратавальнікаў. Але зарыва над хутарам пабачыла жыхарка суседняй вёскі, яна і патэлефанавала ў МНС. Агонь паспеў знішчыць дах, перакрыцці, пашкодзіў сцены.
Фота: mchs.gov.by