У інтэрнэт трапіла відэа, дзе прэм'ер Аўстраліі парадзіруе Трампа
Прэм'ер-міністр Аўстраліі Малькальм Цёрнбул спарадзіраваў амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа. Ён выступіў з жартоўным маналогам на прыёме ў будынку парламента ў Канберы ў сераду ўвечары, паведамляе Бі-Бі-Сі.
На прыёме было забаронена здымаць, але хтосьці парушыў гэтую забарону, і ў выніку відэа з'явілася ў выданні Nine Network.
У сваёй пародыі Цёрнбул пажартаваў з гасцямі традыцыйнага балю з нагоды сярэдзіны зімы ў паўднёвым паўшар'і. Парадзіруючы голас Трампа, ён сказаў, што іх сустрэча былаі прыгожай: "Ён супакоіў мяне прыгажэй за ўсіх".
Пажартаваў аўстралійскі прэм'ер і наконт палітыкі: "Мы з Дональдам ўсё перамагаем і перамагаем ва ўсіх апытаннях. Мы так перамагаем, мы перамагаем, мы перамагаем, як зроду не перамагалі". Дарэчы, рэйтынг урада Цёрнбула з сакавіка знізіўся на 10%. Рэйтынг Трампа таксама незайздросны: паводле апошняга апытання Гэлапа, яго дзейнасць на пасадзе прэзідэнта не ўхваляюць 59% амерыканцаў.
На наступны дзень пасля свайго парадыйнага выступу прэм'ер з'явіўся ў эфіры мельбурнскай радыёстанцыі 3AW. Сярод іншага ён згадаў і ініцыдэнт з уцечкай сваёй пародыі. Цёрнбул патлумачыў, што смяяўся з сябе, а не з Трампа. Саму ўцечку відэа ён ацаніў як парушэнне даверу.