У Ісландыі адбылося вывяржэнне вулкана. Жыхароў бліжэйшага горада эвакуіравалі
Вывяржэнне адбылося сёння раніцай
Раніцай 14 студзеня на паўвостраве Рэйк'янес на паўднёвым захадзе Ісландыі адбылося вывяржэнне вулкана, паведамляе нацыянальная тэлерадыёвяшчальная кампанія краіны RÚV.
Вывяржэнню папярэднічалі каля 200 падземных штуршкоў, яны былі зафіксаваны ў ноч на 14 студзеня. З-за сейсмічнай актыўнасці стала зразумела, што вывяржэнне непазбежнае, і ўлады загадзя эвакуіравалі жыхароў горада Грындавік, размешчанага побач з вулканам. У горадзе адключылі электрычнасць.
Пасля вывяржэння лава цячэ ў бок Грындавіка. Паводле апошніх звестак, зараз яна знаходзіцца за 400-500 метраў ад дамоў на паўночнай ускраіне горада.
У Грындавіку жыве каля 3500 чалавек, ён знаходзіцца за 70 кіламетраў ад сталіцы Ісландыі Рэйк'явіка. У лістападзе 2023 года жыхароў Грындавіка ўжо эвакуіравалі з-за пагрозы вывяржэння.
Усяго ў Ісландыі 32 актыўныя вулканы. У 2010 годзе ў краіне адбылося вывяржэнне вулкана Эяф'ятлаёкудль. У паветра ўзняўся слуп попелу, з-за якога па ўсёй Еўропе былі адменены тысячы авіярэйсаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.