У камерцыйнай сферы сярэдні заробак 700 долараў
У Беларусі больш за ўсё да прыватнікаў бяжыць педагогаў. А на мэнэджараў па продажах нідзе не вучаць, а яны больш за ўсё патрэбныя на рынку.
Еўрарадыё гутарыць з намеснікам дырэктара кадравага агенцтва “Калекцыя адкрыццяў” Людмілай Снегіровай.
Еўрарадыё: Хто шукае працу праз кадравыя агенцтвы? Ці можна акрэсліць вобраз сярэднестатыстычнага саіскальніка?
Людміла Снегірова: У 90 адсотках выпадкаў гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, тыя, хто мае досвед у той вобласці, куды жадаюць трапіць. Сярэдні ўзрост 25-40 гадоў. Яны зацікаўленыя ў сваім якасным працаўладкаванні. У агенцтва ідзе больш прасунуты чалавек. Часта сустракаецца, калі людзі прыходзяць не ў мэтах грашовай матывацыі. Напрыклад, мужчыны, скіраваныя на кар'еру. Кар'ерныя амбіцыі вымушаюць разглядаць прапановы, хоць яны ўжо нядрэнна могуць зарабляць.
Еўрарадыё: Ці часта людзі змяняюць спецыяльнасць і ідуць у іншую прафесію? З якіх прафесій больш за ўсё сыходзяць?
Людміла Снегірова: Былыя педагогі, адпрацаваўшы пэўную колькасць гадоў у школе, разумеюць, што ўсё… яны больш не могуць і трэба кудысьці ісці. Мы ім спрабуем дапамагчы знайсці працу, дзе яны могуць быць больш вартымі з пункту гледжання магчымасцяў і з пункту гледжання запатрабаванняў рынка. Можна любому педагогу сказаць, ідзіце ў псіхолагі, але нікому чыстыя псіхолагі на рынку не патрэбныя.
Калі гэта выкладчык без моўных ведаў, то ўсякага роду адміністратары і мэнэджары па працы з кліентамі. Усё залежыць ад камунікабельнасці чалавека, а яго патэнцыял можна скіраваць. З педагогаў вырастаюць нядрэнныя мэнэджары па працы з персаналам, трэнеры, кансультанты. Вось педагогаў я б паставіла на першае месца. Быў перыяд у нашай гісторыі, калі юрыстаў і эканамістаў напладзілі бязмерна шмат, і яны ўсе былі такімі сярэднестатыстычнымі, што і страшна. І вось гэтыя людзі пачалі задумвацца, куды сыходзіць? Эканамісты могуць сыходзіць у фінансы. Юрысты, якіх занадта шмат, столькі не трэба на рынку, сталі атрымліваць дадатковую адукацыю.
Еўрарадыё: Якія самыя запатрабаваныя прафесіі?
Людміла Снегірова: Персанал у вытворчай сферы. Інжынерна-тэхнічны персанал вельмі разнастайнага спектру. Аўтаматыка, механіка, тэхналагічныя прафесіі, хімія, машынабудаванне. Інжынерна-тэхнічная скіраванасць актуальная цяпер. Бізнэс разумее, што часы купі-прадай сыходзяць. А сучасная вытворчасць патрабуе кваліфікаваныя кадры. Запатрабавана ўсё, што звязана з сучаснымі тэхналогіямі, тэлекамунікацыйныя тэхналогіі, тэлефанія. У сферы IT вельмі запатрабаваныя спецыялісты. Калі казаць пра жаночыя прафесіі, тут заўсёды была і будзе запатрабавана бухгалтэрыя.
Еўрарадыё: Сярод якіх вакансій самы вялікі недахоп кандыдатаў?
Людміла Снегірова: Як ні дзіўна, мэнэджары па продажы заўсёды патрэбныя. У любым агенцтве скажуць, што пік замоў з боку працадаўцаў – на мэнэджараў па продажы. Пры гэтым іх нідзе не вучаць! І гэта бяда ВНУ, што яны выключаюць спецыяльныя курсы па мэнэджменце продажу. Найвялікая колькасць вакансій – продаж і закупкі, наступныя – інжынерна-тэхнічны персанал рознага роду, бухгалтэрыя і фінансісты рознага ўзроўню.
Еўрарадыё: А ці не прасцей працадаўцу навучыць свайго працаўніка самому? Падчас працы?
Людміла Снегірова: Вельмі мала прапаноў сярод кандыдатаў у вельмі вузкіх тэхнічных спецыяльнасцях. Тэхнолаг-хлебапёк, тэхнолаг па вырабе піва. І наогул, тэхнолагі-харчавікі вельмі запатрабаваныя на рынку. А іх практычна няма. Усякія асушнікі, але не савецкіх часоў, а сучасных сістэм, якія ўкараняюць, але спецыялістаў іх абслугоўваць яшчэ не навучылі. Нашы замоўцы бяруць на працу маладых годных рабят, якія толькі скончылі, адпраўляюць на стажыроўку туды, дзе гэта абсталяванне вырабляецца. Такім чынам, яны гадуюць спецыялістаў унутры, таму што гатовых прапаноў вельмі мала.
Еўрарадыё: Раней галоўнай была вышэйшая адукацыя. Цяпер штосьці змянілася?
Людміла Снегірова: Усё так і засталося, адсоткаў 95 вакансій патрабуюць наяўнасці вышэйшай адукацыі. Адсоткаў 40 – спецыялізаванай адукацыі.
Еўрарадыё: Якія зараз сярэднія заробкі, і хто атрымлівае больш?
Людміла Снегірова: Заўсёды больш зарабляюць кіраўнікі і топы. Там усё залежыць ад маштабу бізнэсу, дзе яны працуюць. У выканальніцкіх прафесіях сярэдні ўзровень – ад 500 да 700 умоўных.
Еўрарадыё: У статыстыкі іншыя заробкі…
Людміла Снегірова: Наша кампанія працуе толькі з камерцыйнымі структурамі, мы не працуем з дзяржаўнымі. А заробкі тут адрозніваюцца. Мы шукаем людзей з досведам, якія сабой штосьці прадстаўляюць. Таму гэтыя грошы могуць адрознівацца ад той статыстыкі, што ёсць у дзяржавы.
Еўрарадыё: Які павінен быць досвед?
Людміла Снегірова: Самы маленькі – гэта год. У большасці вакансій – ад трох гадоў досвед патрабуюць. Калі гэта пазіцыі кіраўнічыя, то там не менш за 5 гадоў.
Еўрарадыё: Беларусы ўжо навучыліся правільна пісаць CV?
Людміла Снегірова: З гэтым, на жаль, ёсць вялікая праблема. Таму што ўменне прадаваць сябе – гэта таксама пэўныя навыкі. А ў нас гэтаму ніхто нідзе не вучыць. Лагічна, вучыць на ўзроўні ВНУ, але там таксама няма адмысловых курсаў, як правільна сябе пазіцыянаваць.
Еўрарадыё: І што абавязкова павінна быць у правільным CV?
Людміла Снегірова: Усе вашы дадзеныя біяграфічныя. Усе дадзеныя, звязаныя з усімі адукацыямі, асноўнай і дадатковай. Абавязкова – досвед працы. Пачынаючы з апошняга, і ўніз гістарычна. Прычым часовыя працы – у тым ліку. І вельмі важна ў рэзюмэ паказваць мэту. То бок, чаго вы жадаеце? Часам незразумелы матыў чалавека, ён жадае больш грошай, ці кар'еру, ці проста змяніць прафесію. Калі чалавек фармулюе – шукаю больш высокааплатную працу з перспектывамі кар'ернага росту, у замежнай кампаніі.
Вельмі смешна выглядаюць рэзюмэ, калі людзі паказваюць усё, што заўгодна, але забываюць пісаць тэлефон. Ці яны раптам вырашылі, што ўзрост дадумае наймальнік, ці яго вылічаць, зыходзячы з гадоў вучобы. Гэта для таго, каб схаваць узрост? Навошта? Часам дурныя хітрасці робяць мінусы кандыдату.
Вылучыце досвед працы, адукацыю, зрабіце з новага радка, гэта будзе лепш чытацца. Бывае, прыходзяць рэзюмэ, калі дробным шрыфтам напісана і ўсё зліваецца. Гэта вельмі цяжка чытаць. Мы гэта ўсё вычытваем, таму што зацікаўленыя. А наймальнік чытае па дыяганалі, а такое можа наогул не чытаць.
Еўрарадыё: Беларусы для замежных кампаній гэта тыя, хто добра працуе, ці каму можна менш плаціць, так?
Людміла Снегірова: Вядома, гэта людзі, якія добра працуюць у большай ступені. Я ў гэта шчыра веру, таму што ў замежных кампаніях грошай гэтым людзям дастаткова плацяць і цэняць іх кваліфікацыю, старанна адбіраюць.
Еўрарадыё: Хто дыктуе свае ўмовы наймальнік ці працаўнік?
Людміла Снегірова: Наймальнік. 80 адсоткаў матывацыйнага пакета падае наймальнік. Ёсць дэфіцытныя супрацоўнікі, яны могуць выставіць свае ўмовы, але гэта рэдкі выпадак. Рынак працы ў нас сёння такі, што наймальнікі разважаюць па прынцыпе – не ты, так іншы.
Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь" на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 Мгц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6-13° на ўсход, частата 11200 Мгц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць плыні 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6. ASTRA 4A-4,8° на ўсход, частата 12379.62 Мгц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць плыні 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.