У Карэлічах з'явіліся барыкады і калючы дрот
Тэрабарона за калючым дротам / polymia.by
У Карэліцкім і Навагрудскім раёнах Гродзенскай вобласці праходзіць камандна-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны, падчас якога таксама задзейнічаюць міліцыю і ратавальнікаў. Як піша раённая газета "Полымя", каля будынка электрасетак з'явіліся барыкады з мяшкоў з пяском і агароджа з калючага дроту, а таксама "партызаны" ў касках і з аўтаматамі. Вартавыя кажуць, што яны з тэрабароны.
"Перад намі стаіць задача не дапусціць на аб’ект жыццязабеспячэння верагоднага праціўніка, а ў выпадку дыверсіі — прыняць меры па абароне тэрыторыі, — кажа адзін з байцоў. — Спробаў вучэбнага нападу не было, мы вядзём пастаяннае назіранне за аб’ектам".
Камандна-штабное вучэнне на тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў будзе праходзіць па 21 красавіка. У Кашалёўскім сельсавеце на Навагрудчыне нават стварылі атрад народнага апалчэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.