У Кіеве развіталіся з выбітным футбалістам Валянцінам Бялькевічам
Легенду беларускага і ўкраінскага футболу пахавалі 3 жніўня на Байковых могілках, побач з акцёрам Багданам Ступкай.
Валянцін Бялькевіч — адзін з найлепшых у гісторыі беларускага футболу спартсменаў, гулец мінскага і кіеўскага “Дынама” — сканаў у Кіеве 1 жніўня на 42-м годзе жыцця. Смерць наступіла ў выніку адрыву тромба.
Развітацца з футбалістам на кіеўскі стадыён “Дынама” імя Валерыя Лабаноўскага прышлі сотні людзей. Сярод іх — родныя, бліжэйшы сябра Бялькевіча Аляксандр Хацкевіч, таксама беларус, прадстаўнікі федэрацый футболу Украіны і Беларусі, партнёры па камандзе, выхаванцы Бялькевіча, а таксама простыя заўзятары.
Пад апладысменты гледачоў, якія занялі тры сектары на стадыёне, і дынамаўскі гімн катафалк з труной зрабіў апошняе кола гонару для выбітнага футбаліста і трэнера і накіраваўся на Байковыя могілкі.
Валянцін Бялькевіч пахаваны побач з выбітным футбалістам Валерыем Лабаноўскім і вядомым акцёрам Багданам Ступкай, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу кіеўскага ФК “Дынама”.
Фота: ФК “Дынама” (Кіеў)