У Кобрыне вырашылі праблему з электрычнасцю

Энергетыкі працавалі з раніцы / t.me/brestenergolife/
У Кобрыне вырашылі праблему з электрычнасцю. Святло вярнулася ў сотні дамоў гараджан, паведамляюць энергетыкі.
"Тэхналагічны збой у працы абсталявання" адбыўся на адной з падстанцый (ПС-110 "Кобрын-Заходняя") а 4-й гадзіне раніцы 24 лютага. Святло знікла ў большай частцы горада. "У выніку аператыўных пераключэнняў большая частка спажыўцоў запітана і электразабеспячэнне ў дамах адноўлена", паведамілі пазней энергетыкі. Па даных ратавальнікаў, без святла заставаліся паўтысячы прыватных дамоў. Для забеспячэння працы кацельні падключылі дызельны генератар. Генератары ўключалі ў школе і дзіцячым садку.
Ліквідацыяй наступстваў аварыі займаліся працаўнікі прадпрыемства "Брэстэнерга" (шэсць адзінак тэхнікі і больш за 40 чалавек). У горадзе працавала раённая камісія "па надзвычайных сітуацыях па пытанні ліквідацыі аварыйнага адключэння электрычнай падстанцыі і звязаных з ім наступстваў".
Пра тое, што "энергазабеспячэнне ўсіх спажыўцоў" цалкам адноўлена, міністэрства энергетыкі паведаміла ў 13:26.
Генеральны дырэктар "Брэстэнерга" Мікалай Водзіч удакладніў, што Кобрын раніцай быў і без цяпла. Яго падачу аднавілі толькі да 9:00. Святло ва ўсіх дамах з'явілася да 12:00. Па словах Водзіча, прычыну здарэння высветліць камісія.
Кацельня часова працуе на дызельным генератары. Там ідуць працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.