У лагер на Далёкі Усход: як украінцы праз фільтрацыю і ФСБ уцякаюць з Расіі

Расійскі вайсковец у Марыупалі. Украіна, 23 сакавіка 2022 года / Reuters
Расійскі вайсковец у Марыупалі. Украіна, 23 сакавіка 2022 года / Reuters

Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны расійскія ўлады пачалі "эвакуяваць" жыхароў акупаваных "ДНР" і "ЛНР" у Расію. Пасля 24 лютага ў Расіі пашырылі маштабы дэпартацый і пачалі вывозіць украінцаў з Марыупаля і іншых часова захопленых населеных пунктаў. У зоне рызыкі таксама апынуліся жыхары гарадоў і вёсак на лініі фронту. Там расіяне абстрэльвалі "зялёныя калідоры", якія вялі на тэрыторыю, падкантрольную Украіне, або абстрэльвалі населеныя пункты. І такім чынам стваралі ўмовы, каб людзі самі з'язджалі ў Расію.

hromadske расказвае пра тое, як украінцы, якія вымушана аказваюцца на тэрыторыі Расіі, усё роўна знаходзяць спосабы ўцячы адтуль.

"Тры кіламетры пад мінамётамі з кветачкамі ў руках"

"Ніхто з нас не гукаў вайну ў Марыупаль. 23 лютага а 4-й раніцы я гуляў па мірным горадзе і ніякага адчування, што нешта павінна пачацца, не было", — расказвае 25-гадовы Яраслаў. Мы з ім доўга гаворым па тэлефоне — ужо амаль два месяцы ён будуе сваё жыццё нанова ў латвійскай вёсцы.

Да 16 сакавіка Яраслаў жыў разам са сваёй сям'ёй у Марыупалі. Скончыў універсітэт, працаваў на розных працах: капірайтарам, аўтаслесарам, ахоўнікам.

З пачаткам вайны пераехаў жыць да сябра. У яго кватэры сцены, здавалася, былі мацнейшыя. Хлопцы хаваліся ад авіяналётаў і абстрэлаў у калідоры, бачылі з вокнаў, як гарэлі дамы насупраць і як ратавальнікі яшчэ прыязджалі тушыць пажары.

3 сакавіка ў горадзе не стала сувязі. Пазваніць па тэлефоне маме, якая жыла ў іншым раёне Марыупаля, і сказаць, што "жывы", Яраслаў не мог. Таму 7 сакавіка ён вырашыў ісці да яе пешшу пад абстрэламі.

"Тры кіламетры пад мінамётам з кветачкамі ў руках, — смяецца ў трубку Яраслаў. — Насустрач ішоў нейкі мужчына з ружамі і рамонкамі, я ўзяў у яго пяць кветак для мамы. Ішоў па Станіслаўскага, Таганрогскай. На вуліцы Межавой пачуў, што на Азоўстальскай страляюць з аўтаматаў. Звярнуў на Маскоўскую і так дайшоў да родных. З імі я і застаўся жыць".

В лагерь на Дальний Восток: как украинцы из-за фильтрации и ФСБ бегут из России
Пункт часовага размяшчэння ў Таганрогу, дзе знаходзяцца "эвакуяваныя" ўкраінцы / інстаграм валанцёраў ПЧР

"Выбежыш на вуліцу — расстраляюць, застанешся ўнутры — згарыш жыўцом"

10 сакавіка ўвечары ў пад'езд, дзе жыла сям'я Яраслава, увайшлі ўзброеныя "зялёныя чалавечкі" з акупаваных "ДНР" і "ЛНР".

На наступны дзень у іх кватэру прыляцеў снарад. Ён трапіў у пакой, дзе нікога не было.

"Мы вырашылі з'язджаць. Разумелі: калі снарад яшчэ раз трапіць у дом і мы выбежым на вуліцу, нас расстраляюць. А калі застанёмся ўнутры — згарым жыўцом. Мы селі ў машыну, у якой ужо не было шыбаў, і паехалі да сяброў знаёмых", — кажа Яраслаў.

16 сакавіка сям'і ці не ўпершыню ўдалося злавіць сувязь і даведацца, што ад Драмтэатра пачынаецца эвакуацыя мірных жыхароў на тэрыторыю, падкантрольную Украіне. Тады канчаткова вырашылі пакідаць горад. Гэта адбылося за некалькі гадзін да таго, як расійскія вайскоўцы скінулі на будынак тэатра авіябомбу.

"Спачатку мы паехалі на Беласарайскую касу, дзе нас прытулілі незнаёмыя людзі. Фразы "Мы з Марыупаля" было дастаткова. Яны казалі: "Можаце ў нас пажыць, але ў нас няма ацяплення". Мы радаваліся электраэнергіі, цэлым вокнам і што гарбату можна было зрабіць не пад авіяналётам. Мы пажылі там некалькі дзён і з'ехалі ў акупаваны Бярдзянск. Там на працягу тыдня спрабавалі неяк атрымаць гаручае. У адной чарзе былі 500-я, у другой — 800-я".

Тады ж да сям'і пачалі даходзіць навіны, што аўтамабілі, якія едуць з Бярдзянска па гуманітарным калідоры ў Запарожжа, абстрэльваюць. Так здаралася неаднаразова, калі, нягледзячы на дамоўленасці ўкраінскіх уладаў аб "зялёным калідоры" для цывільных, расійскія вайскоўцы абстрэльвалі калоны з людзьмі.

Родныя Яраслава вырашылі змяніць маршрут і ехаць праз Крым у Расію, а адтуль выязджаць у Еўропу.

"А ці не азовец ты часам?"

Да мяжы з Крымам давялося праехаць незлічоную колькасць блокпастоў.

"Спачатку дыялогі на блокпастах былі такія:

— У вас ёсць татуіроўкі?

— Дзве.

— Якога характару?

— Нейтральнага.

— Праязджайце.

А на Чангары мяне ўжо раздзелі да торса. Далей усіх мужчын, якія праходзілі мяжу паміж "новай часова акупаванай" і "старой часова акупаванай" тэрыторыямі, заводзілі ў кабінку на допыт. "А ці не азовец ты часам? Служыў? Ведаеш каго-небудзь з нацыянальных батальёнаў? Ці ёсць знаёмыя ў паліцыі?" — пыталіся яны".

Яраслаў допыт прайшоў, але ў часе праверкі дакументаў быў затрыманы. Ён не ўклеіў своечасова фота ў пашпарт — пратэрмінаваў на два месяцы пасля свайго 25-годдзя, таму яго дакументы акупанты прызналі несапраўднымі.

Усіх родных Яраслава прапусцілі далей на тэрыторыю Крыма. У яго ж забралі міграцыйную картку, якую ён атрымаў на мяжы і якая была патрэбная для далейшага выезду з Крыма і Расіі, пасадзілі ў аўтобус, поўны людзей, і адправілі ў Джанкой.

В лагерь на Дальний Восток: как украинцы из-за фильтрации и ФСБ бегут из России
Жыхарка Украіны ў пункце часовага размяшчэння ў Таганрогу / інстаграм валанцёраў ПЧР

Пункт часовага затрымання

Яраслава прывезлі ў пункт часовага размяшчэння. Часта ў расійскай інфармацыйнай прасторы можна сустрэць таксама абрэвіятуру ПЧР (ПВР). Гэта месца, арганізаванае расійскімі ўладамі нібыта для людзей з "вызваленых тэрыторый" у сваіх гарадах.

Украінскім праваабаронцам вядома, што ў Расіі можа быць каля 500 такіх пунктаў.

"Для нас незразумела дакладная колькасць гэтых пунктаў. Спачатку казалі пра 700, потым пра 490. Днямі я бачыла на расійскіх рэсурсах лічбу 9,5 тысячы. Верыць гэтаму нельга. Гэта занадта вялікая колькасць пунктаў, якія расіяне маглі адкрыць. Яны ёсць на ўсёй тэрыторыі Расіі, і ў Крыме ў прыватнасці. Крым, згодна з квотамі, вылучанымі РФ, павінен прыняць каля 4700 украінцаў", — расказвае Алена Лунёва, дырэктарка па адвакацыі Цэнтра правоў чалавека ZMINA.

Па словах былой упаўнаважанай па правах чалавека Людмілы Дзянісавай, паколькі дэпартацыі не спыняюцца, новыя пункты часовага размяшчэння для ўкраінцаў з'яўляюцца штодня.

Гэтыя пункты можна падзяліць на два тыпы. Адны — для непрацяглага знаходжання — хабы, звычайна размешчаныя недалёка ад мяжы з Украінай. Напрыклад, такія ёсць у Таганрогу, куды ўкраінцаў з часова акупаваных "ДНР" і "ЛНР" пачалі вывозіць яшчэ 18 лютага.

Часцей за ўсё ў іх трапляюць тыя, хто прайшоў фільтрацыю і каго расійскія ўлады рыхтуюцца адправіць далей — у пункты, дзе яны будуць жыць і працаваць. Яны ёсць, у прыватнасці, у Астрахані, Туле, Растове-на-Доне, Пензе, Белгарадзе, Сыктыўкары, Находцы. Журналісты брытанскага выдання Inews таксама выявілі, што лагеры для ўкраінцаў ёсць на Сахаліне, Далёкім Усходзе, у Сібіры, на Палярным крузе і Курыльскіх астравах. 

З фатаграфій, якія мы знайшлі ў сацыяльных сетках па хэштэгу #ПВР, даволі часта гэта школы, спартыўныя залы з раскладушкамі і расійскай сімволікай на сценах.

Яраслаў трапіў у пункт, разгорнуты ў школе-інтэрнаце.

"У нашым пункце часовага размяшчэння было да 250 чалавек — і мужчын, і жанчын. Мне, можна сказаць, пашанцавала — я жыў у пакоі на тры квадратныя метры яшчэ з двума мужчынамі. Але былі людзі, якія спалі ў калідорах на першым паверсе, дзе ўсе пастаянна хадзілі. Есці давалі макарону з катлетай, суп са смятанай. Відэльцаў у сталовай не было. Казалі, каб дзеці выпадкова не параніліся. Таксама ў пункце знаходзіліся валанцёры. Пыталіся, што нам трэба. Я ў іх прасіў хоць бы зубную шчотку і падаўжальнік, каб можна было зарадзіць тэлефон. Там быў адзін на 50 чалавек", — расказвае Яраслаў.

Уваход вольны, але не для ўсіх

Паводле інфармацыі ад некалькіх марыупальцаў, пунктаў часовага размяшчэння можна пазбегнуць.

"Нас высадзілі ля цэнтра для часова пераселеных асоб у Таганрогу. Далей ніякага кантролю не было — альбо ідзіце ўнутр, альбо рабіце што хочаце",расказвае марыупалец, які вымушана выбіраўся з горада праз "ДНР", фільтрацыйны лагер і Расію на тэрыторыю Украіны.

19-гадовая Надзея, якую гвалтоўна дэпартавалі з падвала гарадской марыупальскай лякарні на тэрыторыю "ДНР", пасля фільтрацыі паехала да знаёмых у Расію, а адтуль выехала да сваякоў у Румынію.

"На працягу апошніх двух месяцаў мы не атрымлівалі інфармацыі, што людзі не могуць выйсці з пунктаў часовага размяшчэння, што іх там утрымліваюць, абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння, забіраюць дакументы. Калі хочаш, можаш сказаць, што ў цябе ёсць сваякі, і ты вольны.

Гэтаксама і з пунктамі, якія знаходзяцца ў аддаленых раёнах Расіі, куды людзей вывозяць цягнікамі. Іншае пытанне, што адтуль будзе складана выбрацца тым, у каго няма грошай. Да таго ж яны размешчаны за дзясяткі кіламетраў ад гарадоў, не на скрыжаванні лагістычных шляхоў", — кажа Алена Лунёва.

Валанцёрка з Эстоніі Яўгенія, якая дапамагае ўкраінцам як мага хутчэй пакінуць Расію, расказвае, што часта ў такіх лагерах сапраўды вольны ўваход і выхад. Праўда, з доступам старонніх могуць паўстаць праблемы.

"Калі валанцёры, з якімі мы супрацоўнічаем, паспрабавалі прыйсці да пункта, каб узяць у людзей, якія пасяліліся там, інтэрв'ю, эфэсбэшнікі зладзілі за імі сапраўдную пагоню. Давялося, як у фільмах, адрывацца на машыне".

Расійскія медыя "тлумачаць" гэта абмежаванне так: "Для жыхароў пансіяната ўваход і выхад з тэрыторыі вольны, а вось чужых сюды не пускаюць, захоўваючы спакой траўмаваных трагічнымі падзеямі людзей. Ім цяпер так патрэбна цішыня..."

В лагерь на Дальний Восток: как украинцы из-за фильтрации и ФСБ бегут из России
Жыхары Украіны ў пункце часовага размяшчэння ў Таганрогу / інстаграм валанцёраў ПЧР

"Яны пыталіся: "А які нацыянальны склад Марыупаля?"

У пункце часовага знаходжання ў супрацоўнікаў ФСБ у дачыненні да Яраслава быў асобны план. Яго адправілі на допыт у следчы камітэт у Джанкоі.

"Там у мяне адсканавалі ўсе дакументы. А далей гэтыя чэрці пачалі маляваць крымінальную справу ў дачыненні да Украіны, у якой я быў пацярпелым бокам. Маўляў, гэта злачынны "кіеўскі рэжым" дапусціў такую бяду.

Яны пыталіся: "А які нацыянальны склад Марыупаля? А якія жахі вы там бачылі? А ці не ведаеце каго-небудзь з нацыяналістаў? А што яны рабілі? А куды прыляталі снарады? А чые гэта былі снарады? Як гэта рускія? Не, гэта былі ўкраінскія — мы так і запішам". Я сказаў, што нічога не ведаю, бо нібыта з'ехаў з горада яшчэ 25 лютага. Але мне ўсё роўна выдалі дзесьці 9 старонак тэксту без сэнсу і сувязі, якія я павінен быў падпісаць".

На допыце таксама пыталіся, якая маёмасць у яго пашкоджаная, у колькі ён яе ацэньвае і ці хоча падаваць заяву на кампенсацыю.

"Сказаў, што нічога не ведаю, у кампенсацыі не маю патрэбы. Мяне адпусцілі, а пасля, праз некалькі дзён, аддалі міграцыйную картку".

Дарога праз Расію ў Латвію

Пасля гэтага некаторы час Яраслаў жыў у сваёй хроснай у Севастопалі. Адтуль пераехаў у Санкт-Пецярбург да бацькавай стрыечнай сястры.

"Я не хацеў заставацца жыць у гэтай скрынцы, таму адразу пачаў шукаць шляхі, валанцёраў, каб выбрацца ў Еўропу".

4 красавіка ён паехаў на мытны пункт Івангорад — Нарва, каб праз яго ўехаць у Эстонію. І менавіта там Яраслаў трапіў на фільтрацыю.

Нядаўна дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка апублікаваў інфармацыю пра фільтрацыйныя лагеры на мяжы з Эстоніяй. Валанцёры, якія дапамагаюць украінцам з'ехаць з Расіі і з якімі нам удалося пагутарыць, таксама пацвярджаюць, што некаторым даводзіцца праходзіць фільтрацыю непасрэдна перад выездам.

Хоць у большасці выпадкаў украінцы ўсё ж трапляюць у фільтрацыйныя лагеры на часова акупаваных Расіяй тэрыторыях: у Аленаўцы, Безыменным, Дакучаеўску, Мангушы, Новаазоўску, Валнавасе, Старабешаве, Данецку.  

"Я быў на мяжы 6 гадзін. Спачатку мытнікі праверылі ў мяне тэлефон, месенджары, кантакты, усе перапіскі. Потым адправілі ў пакойчык ФСБ, дзе не было вокнаў. Мне прапанавалі пайсці ў батальён "ДНР". Я адмовіўся. Пасля гэтага пачалася праверка: фота ў анфас і профіль, адбіткі пальцаў, праверка дакументаў.

У прыбіральню дазвалялі хадзіць пад канвоем, дзверы туды не зачыняліся, бо раптам нешта здарыцца. Мяне раздзявалі да трусоў. Шукалі сінякі на нагах, ключыцах і татуіроўкі. У сваіх рэестрах яны знайшлі чалавека з такім жа імем і прозвішчам, як у мяне. Адпаведна, мяне сталі вінаваціць у тым, што я служыў у зенітнай часці пад Мікалаевам.

Таксама яны знайшлі ў мяне сярод кантактаў у тэлефоне чалавека, які быў падпісаны як "Павел Улёткі". Па іх базах гэты нумар належаў нібыта супрацоўніку СБУ. Урэшце мяне прымусілі запісаць слёзнае відэа, дзе я здаваў "Паўла Улёткі" і абавязваўся не вяртацца ва Украіну".

В лагерь на Дальний Восток: как украинцы из-за фильтрации и ФСБ бегут из России
Жыхары Украіны ў пункце часовага размяшчэння ў Таганрогу / інстаграм валанцёраў ПЧР

Эстонскія паліцэйскія ведаюць пра тое, што адбываецца на расійскай мяжы

Як толькі Яраслаў перасек мяжу, у Нарве яго сустрэлі эстонскія паліцэйскія.

"Эстонцы ведаюць, што адбываецца на мяжы. Да мяне адразу падышоў паліцэйскі і сказаў, што мяне доўга трымалі. Таму я яшчэ дзве гадзіны сядзеў у паліцыі, зліваў расіян. Паліцэйскія мне паказвалі іх фота. Але шчыра — пасля гэтага жаху хочацца хутчэй сцерці гэтыя твары з памяці".

З Эстоніі Яраслаў паехаў у Латвію, дзе аформіў статус уцекача і атрымаў неабходную дапамогу. Цяпер ён жыве ў інтэрнаце разам з іншымі ўкраінцамі, дэпартаванымі або тымі, хто выехаў з акупаваных тэрыторый, каб выратаваць свае жыцці.

Колькі такіх людзей, якія апынуліся за мяжой, невядома. У сваім звароце да парламента Ісландыі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі казаў пра 500 тысяч украінцаў, дэпартаваных у аддаленыя рэгіёны Расіі.

"Мы не ведаем нават прыкладнай колькасці. Ёсць лічбы ад Расіі, якім верыць нельга, яны схільныя завышаць іх. Напрыклад, яны заяўлялі пра 200 тысяч вывезеных украінцаў. У той жа час улады Марыупаля — пра 34 тысячы. Гэтая хібнасць вельмі вялікая. Магчыма, яны проста спрабуюць схаваць забойствы людзей, пахаваных пад заваламі", — кажа Алена Лунёва.

Даць яснасць маглі б міжнародныя партнёры — Грузія, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, — калі б яны падлічвалі, колькі да іх уехала ўкраінцаў з тэрыторыі Расіі і Беларусі.

"Украінцы на тэрыторыі Расіі застаюцца безабароннымі"

Таксама вырашыць праблему дапамогі ўкраінцам, якія апынуліся на тэрыторыі Расіі, магла б трэцяя краіна, якая ўзяла б на сябе абавязак аказваць консульскія паслугі нашым грамадзянам.

"На Украіну нашым людзям пакуль нельга разлічваць. Украіна і ўкраінскія ўлады не прадстаўленыя на тэрыторыі Расіі ніякім чынам пасля пачатку новага этапу вайны. Трэцюю краіну павінна вызначыць не толькі Украіна, яе таксама павінна падтрымаць РФ. У найбліжэйшы час гэта наўрад ці адбудзецца. Вельмі прыкра прызнаваць, але ўкраінцы на тэрыторыі Расіі застаюцца безабароннымі. Калі ў чалавека няма пашпарта, ён аказваецца ў пастцы ў Расіі.

І мне здаецца, што дзяржава прымае недастаткова мер, каб гэтай пасткі не было, каб нашых грамадзян можна было адтуль забраць", — кажа праваабаронца Алена Лунёва.

Усю працу па вызваленні ўкраінцаў з Расіі фактычна ўзялі на сябе валанцёры, якія збіраюць грошы на квіткі і пракладваюць бяспечныя маршруты ў еўрапейскія гарады. Адной з ініцыятыў, якой можна давяраць, праваабаронца называе "Дапамагаем з'ехаць".

Паўгадзіны, каб выбрацца з свайго дома

Віта, жыхарка Рускіх Цішак у Харкаўскай вобласці, якія да 10 траўня былі пад акупацыяй расійскіх вайскоўцаў, цяпер, як і Яраслаў, жыве ў Латвіі.

У канцы красавіка да яе дадому прыйшлі расійскія вайскоўцы. Сказалі, што ў яе паўгадзіны, каб пакінуць дом.

"Нас высялялі, у нас забралі ўкраінскія банкаўскія карткі. Змаглі сысці з тэлефонамі, якія паспелі схаваць. Астатнія забралі. Усе грошы таксама забралі. І нават цыгарэты".

У Віты і яе родных не было выбару, акрамя як эвакуявацца ў бок Расіі. Яна не магла ехаць з 11-гадовым дзіцем на тэрыторыю, падкантрольную Украіне, праз фронт, які знаходзіўся пад пастаяннымі абстрэламі.

"Мы і самі разумелі, што нам хутка давядзецца з'язджаць. Праз нас ішло шмат тэхнікі, і мы перадавалі гэтую інфармацыю нашым вайскоўцам", — расказвае яна.  

Грошай у сям'і не было. Як толькі яны апынуліся на тэрыторыі Расіі, атрымалі бясплатна 10 літраў бензіну. На гэтым паліве даехалі да найбліжэйшага горада.

"А там зайшлі ў ламбард, здалі ўсё, што на нас было, заправіліся і паехалі далей. Мы жылі нябедна ва Украіне, але былі вымушаныя зрабіць менавіта так".

Да мяжы з Латвіяй сям'я ехала двое з паловай сутак. Спыняліся на невялікіх паркоўках, спалі па некалькі гадзін і ехалі далей.

"Мы не збіраліся затрымлівацца дзе-небудзь на тэрыторыі Расіі. Паверце, людзі, да якіх з аўтаматамі прыходзілі ў дом, не будуць спыняцца ў Расіі".

25 красавіка Віта перасекла мяжу з РФ.

"У нас расійскія мытнікі правяралі нават упадабаныя відэа на ютубе. Гэта значыць, ты калі-небудзь паглядзеў відэа з Зяленскім, паставіў падабайку — і за гэта цябе могуць затрымаць".

"Людзям патрэбны голас, каб яны ведалі, што іх чакаюць"

Жанчына з сям'ёй пасялілася ў вёсцы на 700 чалавек і пачала дапамагаць украінцам прайсці той шлях, які нядаўна пераадолела сама: будуе бяспечныя маршруты і каардынуе ўкраінцаў, якія апынуліся ў Расіі.

"Гэтым людзям патрэбны голас, каб яны ведалі, што іх чакаюць, што з імі хтосьці ёсць, што яны не адны. Ім важна камусьці напісаць: "Мы ўжо праехалі Арол і едзем да мяжы", і каб ім на гэта прыйшоў просты адказ: "Чакаем". У інтэрнэце яны могуць прачытаць што хочаш, але ім важны чалавечы голас. Мне самой гэтага так не ставала, пакуль я ехала па Расіі.

Шмат каму даводзіцца праходзіць фільтрацыйныя лагеры. Уявіце, як гэтыя людзі дэзарыентаваныя. Яны часам пасяляюцца ў пунктах часовага знаходжання. Я ж раю адразу ехаць на мяжу і не спыняцца ні ў якім месцы".

З гэтым згаджаецца і праваабаронца Алена Лунёва — па магчымасці не атрымліваць ніякага статусу, не спыняцца на тэрыторыі Расіі і не аддаваць свае дакументы. Для таго каб перасекчы мяжу Расіі і выехаць у Еўропу, украінцам дастаткова мець унутраны пашпарт.

"У Расіі варта як мага менш кантактаваць з дзяржавай. Пункт часовага знаходжання — гэта пра дзяржаву. ФСБ ведае і адрасы гэтых пунктаў, і калі туды прывозяць людзей. Таксама мясцовае ФСБ дакладна будзе ведаць, што ў пэўным гатэлі спыніўся грамадзянін Украіны. З высокай імавернасцю яны туды прыйдуць.

Прапаганда азлабляецца. Мы не ведаем, калі тое, што дыктуе тэлевізар, пяройдзе ў бытавую плоскасць. Сёння яны радасна вітаюць украінцаў у сваіх гарадах, але гэта можа змяніцца".

Віта са сваёй прагай ратаваць украінцаў, якія вымушана апынуліся ў Расіі, асабліва балюча перажывае, што часам яна бяссільная. І што акрамя валанцёраў людзям больш няма каму дапамагчы.

Яна дасылае скрыншоты сваёй перапіскі з роднымі тых, каго дэпартавалі на тэрыторыю Расіі, ці тых, хто там апынуўся праз тупік. Сувязі з імі гэтыя людзі ўжо даўно не маюць.

"Кожная гісторыя — баліць. Усё прапускаю праз сябе. Паглядзіце на гэтыя паведамленні, магчыма, вам удасца што-небудзь з гэтым зрабіць", — з адчаем завяршаючы нашу размову, кажа валанцёрка.

На адным з паведамленняў тэкст ад дзяўчыны яшчэ ад 5 траўня. Яна шукае 67-гадовую куму сваёй бабулі з вёскі ў Харкаўскай вобласці, якая апынулася адна ў Расіі без сувязі. Жанчына раз на месяц дзяжурыла ў царкве, хадзіла, абапіраючыся на палку, і заўсёды на сабе насіла бурштынавыя каралі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі