У легальных камп’ютэрных сетках “партызанаў” не чакаюць

Лакальныя камп’ютэрныя сеткі ў Мінску нарэшце стануць легальнымі. Упершыню Мінгарвыканкам зацвердзіў 11 заявак ад пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг. Але як паведаміў Еўрарадыё намеснік дырэктара ўстановы “Сталічны транспарт і сувязь” Мікалай Зязюля, 11 аператараў на ўфсю сталіцу не хопіць:

“Горад усё ж такі даволі вялікі, аб’ёмы вялікія, таму чым больш, тым лепей. Калі ласка, давайце рыхтуйце дакументы ў Міністэрства на ліцэнзію, і мы з задавальненнем дамо вам не самы дрэнны участак горада — і калі ласка, працуйце”.


Сярод аператараў, чые заяўкі зацвердзілі, ёсць і тыя, хто пракладваў іх раней. Паводле словаў Мікалая Зязюлі, старыя сеткі ліквідаваць не будуць:

“Яны будуць прыводзіцца ў адпаведнасць з нарматыўна-заканадаўчымі дакументамі. У каго яны зробленыя на пяцёрку, то будуць узаконеныя і будуць проста далей працаваць”.

Як легалізацыя адаб’ецца на коштах паслугі, пакуль невядома. Згодна са словамі спадара Мікалая Зязюлі, будуць распрацаваныя тарыфы і кожная арганізацыя самастойна са свайго сабекошту будзе фармаваць расцэнкі.

Раней будаваць лакальныя сеткі маглі толькі арганізацыі, падначаленыя шэрагу міністэрстваў і ведамстваў. Унясення правак у заканадаўства дабіваліся больш за два гады, і ўрэшце ў траўні 2009 года былі ўнесеныя змены ва ўказ № 72, патлумачыла Еўрарадыё Алена Прымак, спецыяліст па сетках кампаніі “Белінфанет”, якая сярод іншых атрымала дазвол ад Мінгарвыканкаму:

“Была створаная камісія, былі пададзеныя заяўкі з вялікай колькасцю дакументацыі, якія былі зацверджаныя Міністэрствам сувязі і Мінгарвыканкамам. І нарэшце цяпер ёсць магчымасць у правайдэраў будаваць лакальныя сеткі паводле тэхналогіі Ethernet.

Працэдура стандартная: трэба атрымоўваць дадатковыя дазволы, распрацоўваць праекты, узгадняць іх. Гэта дасць магчымасць будаваць больш надзейныя сеткі. Карыстальнікі змогуць атрымоўваць большы спектр паслуг, чым атрымлівалі раней на самабудаваных так званых “партызанскіх” сетках”.


Застаецца пытанне, што цяпер будзе з “партызанскімі” сеткамі. Спецыялісты лічаць, што ім давядзецца або зарэгістравацца, або спыніць сваё існаванне. Далучыцца да аператараў, якія атрымалі дазвол, самабудаваныя сеткі не змогуць, лічыць Алена Прымак:

“Белінфанет” не можа ўзяць на баланс сеткі, спантанна пабудаваныя самімі ж жыхарамі раёнаў. Цяпер, каб пабудаваць сетку, неабходна атрымоўваць тэхдазвол на будаўніцтва, на электразабеспячэнне, банальна закупляць абсталяванне і будавацца паводле праектаў. Выкарыстоўваць тое, што было пабудавана на ненадзейным абсталяванні і з парушэннем нарматываў — мы не можам і не будзем.

Узяць на баланс — гэта вельмі шмат бухгалтэрыі: як, у каго і якім чынам мы будзем набываць гэту сетку. Ніхто з іх нават юрыдычнай асобай не быў”.


Калі аператары пачнуць працаваць на поўную, пакуль сказаць цяжка. Спецыялісты кажуць, што спачатку трэба падаць дазвол на праектна-пошукавыя працы. І толькі калі яны будуць узгодненыя з адпаведнымі інстанцыямі, з’явіцца дазвол на будаўніча-мантажныя працы.


Чытайце таксама:

ЖЭСы не будуць рэзаць лакальныя камп’ютарныя сеткі
Хатнія лакальныя сеткі абрэжуць па загадзе (дакумент)
Лакальныя сеткі: ЖЭСы рэжуць, а адміны ўзнаўляюць
Хатнія камп’ютарныя сеткі дажывуць да жніўня
Хатнія сеткі трапяць “пад дах” буйных правайдараў?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі