У лесе знайшлі парэшткі мінскага бізнесмена, забітага ў канцы 1990-х
На месцы, дзе знайшлі парэшткі мужчыны
У лесе знайшлі парэшткі мінскага бізнесмена, забітага ў канцы 1990-х. Затрыманыя 6 мужчын, якія датычныя да яго выкрадання. Адзін з іх быў яго бізнес-партнёрам, паведамляе Следчы камітэт Беларусі.
31 снежня 1997-га 40-гадовы бізнесмен паехаў на сустрэчу са сваім кампаньёнам (той пасля казаў, што сустрэча не адбылася) і знік. Яшчэ летам 1996 года яны ўзялі пад працэнты грошы для развіцця бізнесу. Праз год трэба было вярнуць знаёмаму 60 тысяч долараў, але гэтай сумы не было. У пачатку 1998-га зніклы бізнесмен стаў тэлефанаваць сваякам і знаёмым з просьбай пазычыць 53 тысячы долараў. Пра тое, дзе знаходзіцца, нічога не казаў. Калі ён перастаў выходзіць на сувязь, жонка звярнулася ў міліцыю.
У лютым 1998-га двое знаёмых, якім зніклы бізнесмен не вярнуў грошы, атрымалі пасылкі з выбуховымі прыстасаваннямі. Іх своечасова размініравалі. На адной з пасылак знайшлі след пальца, які ў той час ідэнтыфікаваць не ўдалося. Аднак у 2023-м ён супаў з адбіткам пальца 50-гадовага жыхара Гомельскай вобласці, які ў 90-я гады быў у адной са злачынных груповак. У 2001-м ён і яго калега былі асуджаны за захоп закладніка. Цяпер жа высветлілася, што гэтыя людзі, а таксама яшчэ 4 чалавекі (а сярод іх і бізнес-партнёр зніклага) маюць дачыненне да знікнення ў 1997 годзе бізнесмена.
Выкраданне бізнесмена арганізаваў кампаньён, які планаваў вырашыць фінансавыя пытанні "радыкальным спосабам". Разам з памочнікамі яны ўтрымлівалі мужчыну на здымнай кватэры ў Мінску, прымушалі яго прасіць у сваякоў і знаёмых пазычыць грошы. Пасылкі з выбухоўкай адпраўлялі самі фігуранты крымінальнай справы, каб скласці ўражанне, што бізнесмен наўмысна схаваўся і хацеў пазбавіцца ад крэдытораў.
СК не ўдакладняе, ці памёр мужчына ад катаванняў, ці быў забіты. Відаць, з-за таго, што яшчэ няма вынікаў прызначаных экспертных даследаванняў. Адзначаецца, што яго парэшткі знайшлі ў Мінскай вобласці. Зламыснікі паказалі прыблізнае месца, дзе яго закапалі, у пошуку паўдзельнічалі салдаты ўнутраных войскаў.
Затрыманым ад 46 да 66 гадоў. Пяць з іх узятыя пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.