У Літву пераязджае ўсё менш беларусаў — Дэпартамент міграцыі

Літва, ілюстрацыйнае фота

Літва, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt

У апошнія месяцы колькасць беларусаў, якія пераязджаюць на сталае месца жыхарства ў Літву, скарацілася. Пра гэта ў каментары літоўскім СМІ кажа начальніца Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце

Цяпер у Літве пражываюць амаль 225 тысяч замежнікаў. Грамадзян Беларусі сярод іх налічваецца больш за 62 тысячы, або 27%. "Колькасць беларускіх грамадзян, якія прыбываюць у Літву, за апошнія некалькі месяцаў зменшылася — тэмпы замарудзіліся, калі параўноўваць з пачаткам мінулага года", — канстатуе Гудзінскайце.

Сярод магчымых прычын яна называе больш жорсткую працэдуру ўезду замежнікаў і новыя прыярытэты літоўскіх працадаўцаў. "Бізнес пераарыентоўваецца, і працоўную сілу ўсё часцей запрашаюць з іншых краін, якія не ўяўляюць вялікіх рызык, такіх як Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан", — тлумачыць кіраўніца Дэпартамета міграцыі.

Ад лістапада 2022 года беларусы, як і расіяне, абавязаныя пры ўездзе ў Літву запаўняць спецыяльную анкету і выказваць сваё меркаванне наконт расійскага ўварвання ва Украіну. Летась "пагрозай нацыянальнай бяспецы" Літвы былі прызнаныя 1644 беларусы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі