У Магілёве хуліганы збілі палкай міліцыянта

Яны зрабілі дзевяць папераджальных стрэлаў і тры прыцэльныя.



Як паведамляе "Интерфакс-Запад", здарэнне адбылося ўначы ў суботу, 2 лістапада. Двое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Магілёва (26 і 29 гадоў) праводзілі "прафілактычныя мерапрыемствы" ў раёне гаражна-будаўнічага кааператыва. Там яны заўважылі натоўп людзей, якія біліся паміж сабой.



Міліцыянты падышлі да натоўпа, прадставіліся і запатрабавалі спыніць бойку. Аднак у адказ ім пачалі пагражаць. Двое зламыснікаў нават напалі на аднаго з праваахоўнікаў і збілі яго палкай.



Аператыўнікам давялося страляць, спачатку ў паветра, пасля — прыцэльна. Неўзабаве на месца прыехалі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі хуліганаў.


 

"У выніку з дыягназам "чэрапна-мазгавая траўма" у бальніцу быў дастаўлены супрацоўнік крымінальнага вышуку, а таксама з агнястрэльнымі раненнямі сцёгнаў, галёнкаступнёвага сустава, пахвіннай вобласці і алкагольным ап'яненнем — двое мясцовых жыхароў (1985-га і 1986 г. н.), якія нападалі. Зараз іх жыццю нічога не пагражае. У медустановах, дзе знаходзяцца пацярпелыя ўдзельнікі інцыдэнту, выстаўлены пост аховы", — праінфармавалі ў МУС.



Супраць дваіх хуліганаў распачатая крымінальная справа па артыкуле "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі