У Магілёве пачаўся суд над адным з топ-менеджараў Белгазпрамбанка
Сяргей Кармызаў у судзе / belsat.eu
Былога дырэктара Магілёўскай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанка Сяргея Кармызава абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да нанясення шкоды ў буйным памеры (ч.2 арт. 426 КК РБ).
Яго затрымалі 12 чэрвеня пасля ператрусаў у галаўным офісе банка. Нагадаем, непрыемнасці ў Белгазпрамбанку пачаліся пасля таго, як экс-кіраўнік фінансавай установы Віктар Бабарыка заявіў пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта. У Магілёве акрамя Кармызава тады, у сярэдзіне чэрвеня, затрымалі яшчэ і каардынатара ініцыятыўнай групы Бабарыкі па Магілёўскай вобласці Уладзіміра Дударава.
Паводле абвінавачвання, агучанага на пасяджэнні суда, Кармызаў арганізаваў выдачу крэдыту на падстаўную асобу, за што атрымаў грашовую ўзнагароду ў памеры 10% ад сумы крэдыту, перадае тэлеканал "Белсат". Пацярпелай выступае Святлана Цэдзік.
Раней, яшчэ да суда, у эфіры БТ яна казала, што яе падманулі, і сцвярджала, што Кармызаў казаў ёй пра будучыя перамены ў жніўні. Але на судзе Цэдзік пра гэта ўжо не ўспамінала, наадварот, казала, што была ў добрых адносінах з абвінавачаным, крэдыт узяла добраахвотна і ніякіх прэтэнзій да Кармызава ў яе няма.
Яна расказаяла, што спажывецкі крэдыт у памеры 75 тысяч рублёў тэрмінам на 5 гадоў яна брала па просьбе Кармызава для дырэктара ТДА "Арсенал" Новікава. Гэта было ў лістападзе 2016 года. Першыя некалькі гадоў Новікаў спраўна аплачваў крэдыт, але ў лютым 2019 года яго затрымалі па падазрэнні ў махлярстве, а затым і асудзілі. Аплачваць крэдыт давялося Цэдзік. Пры гэтым Кармызаў аднойчы дапамог ёй, даўшы частку грошай.
У снежні 2019-га адбыўся суд — банк патрабаваў з жанчыны пакрыць сродкі, але заяву ў міліцыю яна вырашыла напісаць толькі ў чэрвені 2020-га.
"Мне сказалі, што можна напісаць заяву, я і напісала. Да каго, я не ведаю. Да Кармызава я не маю ніякіх патрабаванняў або прэтэнзій, ад яго мне нічога не трэба", — сказала Цэдзік у судзе.
Сваю віну Кармызаў цалкам прызнаў. Наступнае пасяджэнне суда па гэтай справе пройдзе 21 студзеня.
Усяго па крымінальных справах Белгазпрамбанка ў мінулым годзе было затрымана 15 топ-менеджараў і іншых работнікаў. Напярэдадні стала вядома, што справа Белгазпрамбанка перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Сем фігурантаў гэтай справы (у тым ліку і Віктар Бабарыка) знаходзяцца пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.