У Магілёве патэнцыйны кандыдат у дэпутаты сабраў больш за 15 тысяч подпісаў
У Магілёве патэнцыйны кандыдат у дэпутаты сабраў 15 524 подпісы! Хаця дастаткова было б і 1 тысячы. Паводле статыстыкі за галоўнага лекара цэнтральнай паліклінікі №1 Аляксандра Старавойтава падпісаўся кожны чацвёрты выбаршчык акругі. Магілёўскія праваабаронцы зафіксавалі гэтую лічбу на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі №85.
Бліжэйшы апанент Старавойтава Юрый Машын, які з’яўляецца дацэнтам Беларуска-расійскага ўніверсітэта, сабраў 5 937 подпісаў. Грамадскі актывіст Юрый Стукалаў здолеў сабраць толькі 1 430 подпісаў. Праваабаронцы паведамляюць, што пісалі заявы з просьбай дапусціць іх да назірання за працэдурай праверкі подпісаў, аднак атрымалі адмову, бо “праверка подпісаў ускладзена толькі на чальцоў выбаркамаў”.
Цікава, што галоўны лекар вылучаўся працоўным калектывам, аднак вырашыў яшчэ сабраць подпісы. Калі іх памножыць на 110 акругаў, якія існуюць у нашай краіне, атрымаецца лічба ў 1,7 млн подпісаў. А гэта ўжо заяўка на прэзідэнцтва!