У Маларыцкім раёне супрацоўнікі ДАІ стралялі па аўтамабілі з п’яным кіроўцам
У Маларыцкім раёне супрацоўнікі ДАІ стралялі па аўтамабілі з п’яным кіроўцам. Здарэнне адбылося 21 траўня.
Як паведамляе прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці, позна ўвечары супрацоўнікі ДАІ на аўтадарозе Р17 каля вёскі Олтуш паспрабавалі спыніць аўтамабіль “Опель”. Аднак кіроўца праігнараваў патрабаванні праваахоўнікаў і на высокай хуткасці пачаў з’язджаць у кірунку Маларыты.
ДАІшнікі пачалі пераслед. Каб спыніць аўтамабіль, давялося выкарыстаць табельную зброю. Былі зроблены два папераджальныя стрэлы ў паветра, а затым — некалькі прыцэльных стрэлаў па колах. Парушальнік быў затрыманы на 50-м кіламетры аўтадарогі “Маларыта-Хаціслаў-Сушытніца”.
Кіроўцам аказаўся 24-гадовы жыхар вёскі Мікольскае. Ён быў у стане алкагольнага ап’янення. Аўтамабіль з прастрэленым заднім колам, паліўным бакам і пярэднім левым крылом быў дастаўлены на штрафстаянку ў раённы цэнтр. Паведамляецца, што пры пераследзе і выкарыстанні зброі ніхто не пацярпеў.
У дачыненні да кіроўцы склалі 6 адміністрацыйных пратаколаў.