У Маскву паехала на перамовы беларуская дэлегацыя на чале з Сямашкам
У Маскву паехала на перамовы беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам. Пра гэта РІА "Новости" паведаміў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова Уладзіслаў Сычэвіч. Тэматыка перамоваў афіцыйна не называецца. Найхутчэй гаворка пойдзе пра кошт на расійскі газ для Беларусі і пра беларускую запазычанасць.
Беларусь і Расія спрачаюцца ў пытанні аплаты за газ з мінулага года. Наша краіна хоча плаціць не паводле кантрактнага кошту (132 долары за тысячу кубаметраў), а па кошце, які лічыць справядлівым — каля 70 долараў за тысячу кубаметраў. У Маскве падлічылі, што з-за гэтага беларуская запазычанасць ужо складае каля 550 мільёнаў долараў.
Як заяўляў Лукашэнка, чарговыя перамовы мусілі адбыцца ў расійскай сталіцы 4 лютага, аднак, як бачым, былі адкладзены на тыдзень.