У Мінабароны не ведаюць, як запісацца ў "народнае апалчэнне"
Аляксандр Вальфовіч з "апалчэнцамі" / t.me/modmilby
У Міністэрстве абароны праводзяць вучэнні з атрадамі "народнага апалчэння", але як уступіць у іх не ведаюць. Больш за тое — вайскоўцы сумняюцца ў законнасці стварэння такіх атрадаў, піша сайт "Зеркало".
Журналіст выдання затэлефанаваў у прыёмную Мінабароны, каб далучыцца да "народнага апалчэння". Ён сказаў, што не служыў у войску з прычыны плоскаступнёвасці, але хацеў бы запісацца ў "апалчэнне".
У прыёмнай Мінабароны яму заявілі, што ўсё будзе вырашацца праз закон аб народным апалчэнні:
— Вы няправільна падаяце інфармацыю. Па-першае, усе пытанні рэгулююцца заканадаўча, у тым ліку стварэнне Народнага апалчэння. Гэта ўрэгулявана?
— Пакуль не ведаю.
— Ну прабачце, я не кансультую па юрыдычных пытаннях.
У галоўным арганізацыйна-мабілізацыйным упраўленні Генштаба Узброеных сіл таксама паведамілі, што трэба пачакаць, пакуль прымуць закон: "Калі закон афіцыйна набудзе моц, тады і будуць размовы".
Такі ж адказ журналіст атрымаў ва ўпраўленні тэрытарыяльнай абароны Генштаба: "Цяпер закон не выйшаў, таму пачакаем выхаду закона. Калі з'явіцца гэты заканадаўчы акт, можна будзе кудысьці рухацца. Тады калі ласка — можаце звяртацца".
Журналіст нагадаў, што Мінабароны паведамляла пра сфармаваныя атрады народнага апалчэння і нават публікавала фатаздымкі апалчэнцаў з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.
"Ну гэта, скажам так, у парадку трэніровак, у парадку вучэння праводзяцца такія мерапрыемствы. Але пакуль яшчэ закон не выйшаў", — цвёрда адказалі ў Генштабе.
Атрады апалчэння ствараюць у Беларусі з 2022 года. Першы стварылі ў Клімавіцкім раёне, потым паведамілі пра такія ж атрады ў Барысаўскім і Навагрудскім раёнах.
16 красавіка 2023 года дэпутат Павел Міхалюк заявіў, што законапраект аб народным апалчэнні паступіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Пакуль што яго не прынялі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.