У Мінадукацыі расказалі, ці пусцяць дзіця без формы ў школу
У школе / minsknews.by
Дзіця дапусцяць да заняткаў і без школьнай формы, але з бацькамі ў гэтым выпадку будуць "працаваць". Так адказала на пытанне, што будзе, калі дзіця прыйдзе ў школу ў паўсядзённым адзенні, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. Яе словы прыводзіць БЕЛТА.
"Не маюць права не пусціць", — сказала Каржова на пытанне, ці пусцяць ва ўстанову адукацыі дзіця без школьнай формы. Але пасля гэтага адміністрацыя школы павінна будзе правесці працу з бацькамі, абмеркаваць з імі, "як можа адчуваць сябе дзіця ў калектыве". Пры неабходнасці сям'і могуць прапанаваць матэрыяльную дапамогу, сказала чыноўніца.
Акрамя таго, у школу павінны пусціць і без зменнага абутку. "Пусцяць, вядома, але зноў жа, будуць працаваць з бацькамі", — сказала Каржова. Паводле яе слоў, "тут, як і з харчаваннем: можна адмовіцца, але ў той жа час трэба тлумачыць, што для здароўя дзіцяці з'есці гарачы суп лепш, чым булачку з сокам".
Нагадаем, цяпер у беларускіх школах дзейнічае дзелавы стыль адзення для школьнікаў. Акрамя таго, у дзяцей у кожнай школе павінны быць аднолькавыя элементы адзення, да прыкладу, камізэлькі. А з восені 2024 года ў Мінску плануюць увесці адзіную форму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.