У Мінгарвыканкаме патлумачылі, чаму адмянілі забарону на продаж алкаголю
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Ніна Емяльянава кажа, што адмена звязаная з ростам абароту кантрафактнага спіртнога.
У сераду, 26 жніўня, стала вядома, што мінскія ўлады скасавалі забарону на продаж алкаголю ўначы. Нагадаем, што ў чэрвені продаж абмежавалі з 22-й па 9-ю гадзіну раніцы. Мера ўводзілася дзеля барацьбы з алкагалізацыяй і шырока асвятлялася ў СМІ.
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава тлумачыць Еўрарадыё, чаму скасавалі забарону.
Краіна, дзе п'юць больш за 8 літраў, вымірае. У Беларусі п'юць 14 літраў
Емяльянава: “Гэта рост ценявога абароту алкагольнай прадукцыі. Продаж няякаснага, сурагатнага, ценявога спіртнога ў начны час. Лепш, калі насельніцтва будзе купляць у начны час правераны, якасны беларускі алкаголь".
Па словах чыноўніцы, вырасла колькасць людзей, якія гандлююць несанкцыянавана. А лічбы па канфіскацыях сурагатнага алкаголю выраслі ў разы.
У Гомелі таксама знялі абмежаванні на продаж алкаголю
Фота: Fotolia, БЕЛТА