У Мінска з'явіцца сайт, дзе людзі змогуць пакінуць заяўкі на пасадку дрэваў

istockphoto.com
istockphoto.com

У Viber-чаце аднаго з мінскіх дамоў з'явілася паведамленне пра тое, што ў новым сезоне сталічныя ўлады плануюць высадзіць на вуліцах 12,5 тысячы дрэў, 13,5 тысячы кустоў і 22 мільёны кветак. І не проста высадзіць: жыхарам Мінска самім прапануюць вызначыць месцы, якія трэба азеляніць! Для гэтага патрабуецца зусім няшмат: вылучыць у Google Maps "лысую" тэрыторыю; вырашыць, якія расліны там патрэбныя, і, нарэшце, паведаміць аўтару аб'явы.

"Ва ўладаў не хапае чалавечага рэсурсу, каб ездзіць па ўсім горадзе і шукаць тэрыторыі для азелянення, — расказвае Еўрарадыё Наталля, аўтар аб'явы. — У гадавальніках ёсць расліны і ёсць магчымасць бясплатна азеляніць ўчасткі горада, але людзі не адгукаюцца і не ідуць на гэтую ініцыятыву".

У Минска появится сайт, где люди смогут оставить заявки на дерево на своей улице

У Мінгарвыканкаме нам паведамілі, што ў сталіцы сапраўды распрацоўваецца новая схема азелянення тэрыторый. Праўда, агучаныя у чаце лічбы па колькасці раслін пацвердзіць альбо абвергнуць не змаглі.

Схему гарадскія ўлады распрацоўваюць пры ўдзеле ініцыятыўных грамадзян. Свае прапановы аб тым, дзе трэба пасадзіць дрэвы, кусты і кветкі, яны агучваюць з пачатку лютага.

"Быў кінуты кліч аб тым, каб мінчане пакідалі свае прапановы па азеляненні горада на сайтах адміністрацый горада. Пазней гэтыя прапановы акумулююцца і будзе створаны сайт, дзе будзе распрацаваная графічная схема, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Мінгарвыканкама Алена Мохар. — Напрыклад, вы як грамадзянін звяртаецеся на гэты сайт: "Я хачу пасадзіць дрэва на такой вуліцы". Пакідаеце заяўку. А вам потым адказваюць, можна там пасадзіць дрэва ці не".

Сайт цяпер знаходзіцца ў распрацоўцы. Дата яго запуску пакуль не паведамляецца.

Па словах Алены Мохар, пасля распрацоўкі і зацвярджэння схем азелянення ў перыяд вясновых і восеньскіх месячнікаў па навядзенні парадку будуць арганізаваныя работы па пасадцы дрэў і кустоў. Падрыхтоўка пасадачных работ, забеспячэнне інструментам і пасадачным матэрыялам, а таксама тэхналагічнае суправаджэнне работ будзе забяспечанае спецыялістамі "Мінскзелянбуда", раённых "Зелянбудаў" і ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі