У мінскага лекара знайшлі $140 тысяч, але судзяць яго за хабар у $3 тысячы
У мінскага лекара знайшлі $140 тысяч, але судзяць яго за хабар у памеры 3 тысяч долараў. Як інфармуе TUT.by, з красавіка суд Завадскога раёна сталіцы разглядае справу Алега Фаміна, былога галоўнага лекара 1-й гарадской клінічнай бальніцы. У чацвер пракурор запрасіў для Фаміна 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама з забаронай займаць высокія пасады на працягу пяці гадоў.
Алега Фаміна затрымалі яшчэ ў чэрвені мінулага года, калі сілавікі аб'явілі пра масавыя затрыманні медыкаў-карупцыянераў. Так пачалася гучная "справа медыкаў". Некаторыя фігуранты ўжо асуджаныя. Напрыклад, былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі. Фаміну выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару. Ён садзейнічаў арганізацыі закупак медабсталявання для патрэб бальніцы. Падчас ператрусу па месцы жыхарства ў яго знайшлі каля 140 тысяч долараў у эквіваленце, што было паказана на аператыўным відэа. На судзе абвінавачаны патлумачыў, што гэта былі зберажэнні яго, бацькі, бабулі, грамадзянскай жонкі, адкладзеныя грошы на адпачынак.
На судзе высветлілася, што ў абвінавачанні згадваюцца толькі тры эпізоды хабару ад фірм, якія займаліся медыцынскім абсталяваннем. Прычым пра адзін з іх былы галоўны лекар распавёў сам. Ён прызнаў віну і кампенсаваў страты. Адвакат на судзе заявіў, што грошы, якія перадавалі Фаміну, нельга лічыць хабарам, паколькі ён ніякіх пытанняў не вырашаў, ніякіх дамоў не меў, грошай не патрабаваў. Абаронца прапанаваў перакваліфікаваць артыкул "Атрыманне хабару" ў артыкул "Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі".
У апошнім слове Алег Фамін папрасіў суд улічыць яго бездакорнае мінулае, чыстасардэчнае раскаянне, знаходжанне на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, а таксама састарэлага бацькі.