У мінскім судзе збілі, а пасля аштрафавалі журналіста
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска збілі журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага. Адбылося гэта на працэсе па "справе графіцістаў". Дабравольскі здымаў на камеру, як міліцыянеры выводзілі з залы Паўла Сяргея і Максіма Шыціка якія арганізавалі там акцыю пратэсту (гл. відэа).
Як інфармуе tut.by са спасылкай на праваабаронцаў, затрыманыя актывісты і журналіст былі збітыя ў адным з памяшканняў суда. Пасля гэтага іх адвезлі ў РУУС, дзе склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах "Непавага да суда" і "Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы". Пасля Сяргея, Шыціка і Дабравольскага вярнулі ў суд. Першы з іх быў аштрафаваны на суму 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў, астатнія — па 9 млн 450 тысяч. Такое рашэнне прыняла суддзя Марыя Ярохіна, а сведкам быў міліцыянер Сяргей Кавальчук.
Павел Дабравольскі паведаміў, што некалькі байцоў АМАП збівалі яго нагамі на працягу 20 хвілін. Пры гэтым яны не маглі не бачыць бэдж журналіста. Па словах Дабравольскага, у яго забралі тэлефон, а ўсе дадзеныя сцёрлі.
Разгляд "справы графіцістаў" працягнецца раніцай 26 студзеня